Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўленьне міліцыі да несанкцыянаваных мітынгаў зьмянілася — Шуневіч


Ігар Шуневіч
Ігар Шуневіч

Паводле міністра ўнутраных спраў Беларусі, акцэнт цяпер робіцца на тым, каб складаць на ўдзельнікаў адміністрацыйныя пратаколы.

На прэс-канфэрэнцыі 1 сакавіка міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч распавёў, што міліцыя зьмяніла альгарытм дзеяньняў пры несанкцыянаваных акцыях.

«Ня буду спрачацца, што наша стаўленьне да несанкцыянаваных мітынгаў трансфармавалася, зьмянілася рыторыка як зьнешняя, так і ўнутраная, — казаў Шуневіч. — Ніводнае выступленьне не ігнаруецца, пратаколы складаюцца».

Цяпер, кажа міністар, знойдзены альгарытм дзеяньняў, «прымальны для ўлады і цывілізаваны паводле міжнародных нормаў». Акцэнт робіцца на тым, каб складаць на ўдзельнікаў адміністрацыйныя пратаколы.

Разам з тым Шуневіч выказаў спадзеў на тое, што да восені ягонае ведамства зможа ўнесьці ў парлямэнт прапановы па лібэралізацыі шэрагу артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу, але шырэй гэтыя прапановы не патлумачыў.

Апошні раз масавы «хапун» на вулічных акцыях у Беларусі адбываўся падчас «маўклівых пратэстаў» 2011 году, да таго была брутальна разагнаная масавая акцыя пасьля абвяшчэньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Апошнім часам вулічныя акцыі ў Беларусі, як нядаўнія пратэсты прадпрымальнікаў, абыходзяцца бяз масавых затрыманьняў і сілавых разгонаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG