Як паведаміла Свабодзе Тацяна Караткевіч, яна мае намер агучыць Уладзімеру Зіноўскаму эканамічныя прапановы кампаніі «Гавары праўду»:
«Найперш мы зьбіраемся прэзэнтаваць наш погляд на рэформы — ён быў адлюстраваны ў маёй перадвыбарчай праграме. І другое — мы хацелі б даведацца, якія пляны ў нашага кіраўніцтва наконт эканомікі. Мы бачым, што рэформы пачынаюцца аднабока — з працэдураў сэквэставаньня, сьцісканьня, абмежаваньня грамадзянаў новымі падаткамі, новымі ўмовамі дзейнасьці прадпрымальнікаў, павышэньнем тарыфаў. Але без вырашэньня асноўных эканамічных пытаньняў. Будзем задаваць шмат пытаньняў міністру эканомікі».
Тацяна Караткевіч сказала, што будзе задаваць і пытаньні, якія цяпер вельмі актуальныя, — указ № 222 і павышэньне платы за камунальныя паслугі:
«Безумоўна, гэтыя пытаньні мы задамо. Мы лічым, што стварэньне ўмоваў для разьвіцьця прыватнай ініцыятывы — першае, што павінна зрабіць дзяржава. Таксама трэба, каб міністар агучыў сваё стаўленьне да ўказу № 78 і сказаў, якія заканадаўчыя ініцыятывы плянуе міністэрства. Неабходны сыстэмны падыход да рэфармаваньня эканомікі, стварэньне працоўных месцаў. Трэба, каб людзі ведалі — нават калі сёньня дрэнна, то робяцца канкрэтныя крокі, каб сытуацыя палепшылася».