Лідэр украінскага фольк-рок-гурту «Гайдамаки» Аляксандар Ярмола паведаміў у інтэрвію ўкраінскаму часопісу «Обозреватель», што гурт ня змог зладзіць канцэрты ў Нямеччыне і ў Беларусі.
«У Беларусь мы хацелі паехаць у сакавіку, але нешта там з ідэалягічным аддзелам ня склалася», — каротка патлумачыў Ярмола, не назваўшы дакладнай прычыны забароны.
Пры гэтым гурт зайграе ў Бэрліне, Мюнхэне, Гамбургу і іншых гарадах Нямеччыны, але, кажа Ярмола, ня зможа сыграць у двух нямецкіх гарадах, якія пабачылі ў кліпах «Гайдамакаў» прапаганду вайны:
«У Нямеччыне ёсьць некалькі канцэртаў, і ў вялікіх залях, у вялікіх гарадах. Было два гарады, зь якімі мы амаль дамовіліся, але ў канцы нам адмовілі, бо паглядзелі нашае відэа, дзе мы выступалі ў зоне АТО, і сказалі, што мы прапагандуем вайну. Мы патлумачылі, што не прапагандуем вайну, а проста дапамагаем тым хлопцам, якія не па сваёй волі там апынуліся, але яны сказалі: „Нас гэта не цікавіць, усё роўна ў вас ёсьць вайскоўцы ў кліпах, вы прапагандуеце вайну“. Вось такое стаўленьне было, мне незразумелае».
Таксама гурт у гэтым годзе наведае Вугоршчыну, Чэхію, Аўстрыю і Польшчу.
Раней «Гайдамаки» выступалі на беларускіх фэстах за межамі Беларусі — на «Басовішчы» і BeFree, а таксама на літоўскім Be2gether пад самымі межамі Беларусі. На «Басовішчы» ў 2014 годзе яны разам зь беларусамі выканалі непрыстойную песьню-крычалку пра Пуціна на фольк-панк-манэр.
Раней у Нямеччыне быў забаронены шэраг канцэртаў беларускага гурту Brutto, у творчасьці якіх пабачылі нэанацызм. Гурт абвяргаў абвінавачаньні.