Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча дыпляматычных стасункаў з новай краінай Паўла Дурава


Фэдэрацыя Сэнт-Кітс і Нэвіс
Фэдэрацыя Сэнт-Кітс і Нэвіс

Якім можа быць узаемавыгаднае супрацоўніцтва Беларусі з 50-тысячнай Фэдэрацыяй Сэнт-Кітс і Нэвіс, не паведамляецца.

Беларусь і астраўная дзяржава Сэнт-Кітс і Нэвіс (што недалёка ад Пуэрта-Рыка) плянуюць усталяваць дыпляматычныя адносіны, перадае БелаПАН. Гэтае пытаньне абмяркоўвалі беларускі амбасадар на Кубе Аляксандар Аляксандраў і часовы павераны ў справах Фэдэрацыі Сэнт-Кітс і Нэвіс на Кубе Вэрна Морыс.

Прэс-служба беларускага МЗС паведамляе, што бакі дасягнулі дамоўленасьці пра супольную прапрацоўку асобных напрамкаў «узаемавыгаднага супрацоўніцтва», у тым ліку распрацоўку дамоўна-прававой базы стасункаў.

Фэдэрацыя Сэнт-Кітс і Нэвіс, якая атрымала незалежнасьць ад Вялікай Брытаніі ў 1983 годзе, — адна зь нешматлікіх краінаў, зь якімі Беларусь ня мае дыпляматычных стасункаў. Афіцыйна Беларусь мае такія стасункі са 174 дзяржавамі (у ААН 193 дзяржавы-сябры і Ватыкан з Палестынай у статусе назіральнікаў), у 56 краінах ёсьць беларускія замежныя ўстановы, а ў Беларусі — 45 замежных амбасадаў, 4 аддзяленьні амбасадаў, 35 консульскіх установаў і два гандлёвыя прадстаўніцтвы.

Калі ўстанаўленьне дыпляматычных стасункаў выглядае заканамернай «дапрацоўкай», то «ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва» пакуль загадка. Паміж цэнтрамі беларускай і сэнт-кіцкай сталіцаў 8500 км наўпрост. ВУП патэнцыйнага партнэра Беларусі склаў у 2015 годзе 889 млн даляраў, 1/70 ад ВУП Беларусі. Эканоміка астраўной краіны залежыць ад турызму і афшорных банкаў.

Найбольш вядомы беларусу грамадзянін Сэнт-Кітс і Нэвіс, мабыць, — былы расеец Павал Дураў, стваральнік сацсеткі «Ўкантакце» і абароненага ад спэцслужбаў мэсэнджэра Telegram.

Дураў атрымаў грамадзянства патэнцыйнага партнэра Беларусі пасьля таго, як яго звольнілі з пасады дырэктара ягонай сацсеткі, а таксама пасьля процістаяньня з расейскімі ўладамі адносна выдаленьня апазыцыйных суполак і выдачы асабістай інфармацыі карыстальнікаў сацсеткі. Грамадзянства Сэнт-Кітс і Нэвіс можа амаль імгненна атрымаць кожны ахвотны, хто ўкладзе ў эканоміку краіны прынамсі 250 тысяч даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG