Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ільля Яшын прадставіць даклад аб дзейнасьці Кадырава. Кадыраў пасьпеў раней


Ільля Яшын
Ільля Яшын

У Дзень памяці ахвяраў дэпартацыі чачэнскага народа, які адзначаецца 23 лютага, намесьнік старшыні партыі «ПАРНАС» і блізкі сябра Барыса Нямцова Ільля Яшын прадстаўляе ў Маскве экспэртны даклад, прысьвечаны дзейнасьці Рамзана Кадырава.

У ходзе падрыхтоўкі дакладу Яшын выкарыстаў адкрытыя крыніцы і матэрыялы, якія раней не публікаваліся. Адна з частак дакладу — «Прыватная армія» — была апублікаваная ў часопісе New Times. У ёй распавядаецца пра сілавыя структуры Чачні, якія, па словах аўтара, знаходзяцца пад кантролем Рамзана Кадырава і не падкантрольныя фэдэральным уладам Расеі.

Ядро сілавых структураў Чачні — гэта былыя сэпаратысты, якія былі амніставаныя Кадыравым. Ён жа даў ім магчымасьць зноў узяць у рукі зброю, але ўжо пад сваім кантролем.

«Асабістая ляяльнасьць баевікоў Кадыраву абумоўленая ў першую чаргу біяграфіяй многіх зь іх. Ядро сілавых структураў Чачні — гэта былыя сэпаратысты, якія былі амніставаныя Кадыравым. Ён жа даў ім магчымасьць зноў узяць у рукі зброю, але ўжо пад сваім кантролем. Такім чынам, тыя баевікі, якія ваявалі з расейскай арміяй, абавязаныя Кадыраву ня толькі сваімі месцам і заробкам, але таксама свабодай і жыцьцём.

Агульная колькасьць узброеных кадыраўцаў, паводле ацэнак экспэртаў, набліжаецца да 30 тысяч чалавек. Значная частка зь іх фармальна зьяўляюцца супрацоўнікамі МУС альбо службоўцамі Ўнутраных войскаў Расеі. Фактычна ж узброеныя фармаваньні, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Чачні, не залежаць ад фэдэральных органаў улады і ляяльныя толькі прэзыдэнту Чачні. Сваю адданасьць кіраўніку рэспублікі чачэнскія сілавікі нярэдка дэманструюць спэцыфічнымі дэталямі форменнай вопраткі: напрыклад, кепкі і нашыўі з ініцыяламі КРА — Кадыраў Рамзан Ахматовіч», — адзначаецца ў дакладзе.

На думку аўтараў, чачэнская «рэгіянальная армія» зьяўляецца адной з самых баяздольных ваенных груповак у Расеі. Таксама ў дакладзе гаворыцца пра ўдзел кадыраўцаў у баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны.

Таксама ў дакладзе распавядаецца пра ўдзел чачэнскіх груповак у рэйдэрскіх захопах прадпрыемстваў і будынкаў у рэгіёнах Расеі.

Асобна расказана пра карупцыю ў Чачні. Міжнародная антыкарупцыйная арганізацыя Transparency International унесла Кадырава ў сьпіс пятнаццаці самых карумпаваных дзяржаўных службоўцаў.

Рамзан Кадыраў датэрмінова апублікаваў прысьвечаны яму даклад апазыцыянэра Ільлі Яшына на сваёй старонцы ў сацсетцы.

Жывую трансьляцыю прэзэнтацыі дакладу глядзіце з 13:00 на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG