Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якімі падаткамі і абмежаваньнямі ўлада яшчэ абкладзе беларусаў?


Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Пачну са старой показкі пра жабу ў рондалі. Калі яе адразу кінуць у рондаль з кіпенем, яна адтуль выскачыць. А калі падаграваць рондаль з жабай паступова, то яна можа і загінуць. Апошнія крокі ўладаў у сацыяльнай палітыцы — гэта менавіта такое паступовае «награваньне вады». Я маю на ўвазе, у прыватнасьці, апошняе рашэньне ўладаў, што бязмытны ўвоз міжнародных пасылак у Беларусь абмежаваны 22 эўра і 10 кіляграмамі. Адпаведны ўказ падпісаў кіраўнік дзяржавы. У дадатак да гэтага Лукашэнка ўвёў абмежаваньні на ўвоз тавараў з-за мяжы. То бок, калі беларус будзе перасякаць мяжу часьцей за 1 раз на квартал, то тавары коштам больш за 300 эўра перастаюць быць для «асабістага карыстаньня», і трэба будзе плаціць мыта — каля 30%. Што азначаюць гэтыя крокі, чаму яны не выклікаюць вялікага абурэньня людзей?

Ну, па-першае, абурэньне мы бачым перш за ўсё ў сацыяльных сетках, абурэньне там выліваецца вялікімі хвалямі. Але калі ў тых самых сацыяльных сетках зьявіўся заклік прыйсьці ў пятніцу да паштамту і выказаць сваю нязгоду, прыйшло роўна, як пісала Свабода, нуль чалавек. І гэта даволі паказальна.

Па-другое, рашэньне пра пасылкі кранае тых, хто, магчыма, і не хацеў бы паказаць свой пратэст. Гэта людзі, якія відавочна займаюцца бізнэсам праз гэтыя пасылкі. Тут афіцыйныя прапагандысты дастаткова праўдзіва кажуць, што гэта робяць толькі некалькі адсоткаў людзей, але яны атрымліваюць за год мільёны пасылак. То бок 95% беларусаў гэта не кранае. Людзі па-ранейшаму купляюць рэчы на рынках, у крамах, а пасылкі атрымліваюць некаторыя для сябе, але ў тым ліку і тыя, хто, відавочна, займаецца бізнэсам, атрымліваюць пасылкі з-за мяжы, а потым прадаюць на тых самых рынках. Але гэта толькі адзін з момантаў — гэтыя пасылкі.

Мне здаецца, што ўлада зараз узяла курс на тое, каб забраць грошы ў насельніцтва. Выглядае, што ў прамысловасьці, у бізнэсе знайсьці грошы ўжо немагчыма, і шукаюцца розныя шляхі, як і што можна забраць у розных катэгорыяў насельніцтва. Прычым, пераважна ў тых, у каго ўсё ж можна ўзяць, у багатых. Акрамя, можа быць, падатку на дарогі, астатнія рашэньні не кранаюць пераважную бедную большасьць. А кранаюць людзей, якія маюць пэўныя даходы і якія складаюць некалькі адсоткаў насельніцтва.

У гэтым сэнсе ўлада паводзіць сябе дастаткова асьцярожна, яна сваімі крокамі выклікае раздражненьне толькі ў невялікай — даволі гучнай, даволі актыўнай — але дастаткова невялікай часткі насельніцтва. У гэтым сэнсе чаму б ім не падняць падаходны падатак для ўсіх? Ён у нас даволі невялікі — 13%. Нагадаю, яго на 1% ужо паднялі — з 12 да 13%. А ў Эўропе і 30%, і 35%. Давайце падымем. Не, улада не падвышае, бо гэта закране ўсіх. Таму ўлада знаходзіць, як павысіць падатак для тых, у каго даходы перавышаюць расходы, для людзей, якія ня бедныя і якія дазволілі сабе вялікія выдаткі. Або ўлада будзе шукаць яшчэ нейкія сродкі. Напрыклад, экспэрты ў маёй перадачы «Экспэртыза Свабоды» на мінулым тыдні казалі, што могуць зьявіцца новыя выплаты, напрыклад, за карыстаньне банкаўскай карткай за мяжой, ці узмоцніцца кантроль за вывазам грошай за мяжу. Я думаю, улада будзе браць у таго, у каго, на яе думку, грошы яшчэ ёсьць.

Карбалевіч: Я хачу сказаць, што ўлада падняла падатак, але ня ў форме простага павышэньня стаўкі, а ў форме падвышэньня камунальных тарыфаў, ад якога, дарэчы, цярпіць усё насельніцтва. Прычым, вельмі значна: на 50-70%. Так што ня толькі багатых гэта кранае, але і ўсё насельніцтва. Тут лёгіка ўлады тая самая, што і ў змаганьні зь ІП. То бок спроба неяк выратаваць беларускую прамысловасьць: маўляў, купляйце беларускае.

Яшчэ я хачу зьвярнуць увагу, што рэглямэнтацыя ўвозу ў краіну — гэта, можа, не парушэньне рэглямэнту, але парушэньне лёгікі самога існаваньня мытнага саюзу, дзе ўсе мытныя правілы павінны быць узгодненыя. Я разумею лёгіку ўлады ў такі крызісны момант. Яна ня хоча рабіць эканамічныя рэформы, ня хоча кранаць дзяржаўны сэктар эканомікі, бо гэта ёсьць аснова беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі. Таму тактыка такая: па-першае, рэзкае зьніжэньне сацыяльнай дапамогі — дзяржава скідае са сваіх плеч сацыяльную нагрузку, бо няма для гэтага рэсурсаў.

Другі элемэнт тактыкі ўлады — паколькі бюджэт пусты, то прыдумляюць розныя спосабы, розныя паборы з насельніцтва. З дармаедаў нешта бяруць, павысілі камунальныя тарыфы. Я думаю, гэта не апошнія павышэньні, рашэньні ідуць адно за адным. Гэта мадэль патэрналісцкай дзяржавы, якая спачатку забірае ад суб’ектаў гаспадараньня, забірае ад людзей, ад фізычных асобаў, а потым раздае вялікай лыжкай. Прычым, падчас крызісу дзяржава раздае гэтыя грошы на падтрымку неэфэктыўнага дзяржаўнага сэктару. І калі крызіс будзе паглыбляцца, думаю, будуць рознымі спосабамі забіраць і ў бізнэсоўцаў.

Дракахруст: Я згодны з Вамі, Валер, што падвышэньне камунальных тарыфаў, прычым, істотнае, тычыцца ўсіх. Але гэта хіба не адзінае з апошніх павышэньняў, якое мела такі ўнівэрсальны характар. Збольшага, я магу пагадзіцца тут зь Віталём, што рашэньні з тымі самымі пасылкамі, з абмежаваньнем на ўвоз тавараў скіраваныя на тых людзей, якім ёсьць што губляць. І тут некалькі матываў. З аднаго боку, зь іх можна больш адчувальна забраць, а з другога боку, гэта такім момант «сацыяльнай справядлівасьці». Можна саджаць карупцыянэраў, паказваць, якая ў нас справядлівая дзяржава: мы жывем бедна, але справядліва, правільна, пра што ў вашай перадачы, Віталь, гаварыў Міхась Залескі. У тым самым рэчышчы — абмежавальныя меры, скіраваныя на тых, хто крыху багацейшы, на тых, хто з гандлю жыве.

І тут важны момант — маўчаньне грамадзтва. Сёньняшні мітынг на Кастрычніцкай у Менску паказвае, што маўчаць ня ўсе, але пераважная большасьць. Улада пойдзе так далёка, як ёй гэта дазволіць грамадзтва. Калі, скажам, пачнуцца нейкія разнастайныя пратэсты, то, магчыма, вал усялякіх прыдумак, кшталту падатку на пасылкі, ня будзе так інтэнсіўна круціцца. Ну а калі не — то, адпаведна, і не. Бо грошы зьбіраць трэба. Пакуль той самы Захад і тая самая Масква неяк не сьпяшаюцца прыйсьці на дапамогу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG