Міжнародная супольнасць апынулася твар у твар з «момантам ісьціны» у пытаньні Сырыі, заявіла ў інтэрвію ВВС вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыка Магерыні.
Па словах Магерыні, усясьветныя лідэры, якія ўдзельнічаюць у канфэрэнцыі па бясьпецы ў Мюнхене, павінны рэалізаваць на практыцы пагадненьне аб спыненьні баявых дзеяньняў у Сырыі на працягу тыдня і неадкладным пачатку паставак гуманітарнай дапамогі.
Магерыні падкрэсьліла, што Эўропа робіць усё магчымае, каб гэты плян спрацаваў, і ў Жэнэве б аднавіліся перамовы аб пошуку палітычнага вырашэньня канфлікту.
Раней улады ЗША папярэдзілі, што міжнародная здзелка аб паўзе ў баях у Сырыі не спрацуе, калі Расея ня зьменіць свайго падыходу. Заходнія краіны заклікалі Расею перагледзець сваю стратэгію авіяналётаў ў Сырыі як зьвязаную з масавай гібельлю мірных грамадзян.
Прэм’ер-міністр Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што гэтаму «няма доказаў», і ахарактарызаваў цяперашнія адносіны паміж краінамі НАТО і Масквой як пачатак новай халоднай вайны.
На пытаньне ВВС пра тое, ці будзе Эўропа ўдзельнічаць у «пляне Б» — наземнай апэрацыі — Магерыні адказала:
«Эўропа ўкладае ўсю сваю ўладу, усе свае намаганьні, каб "плян А"спрацаваў. Мы выпрацавалі гэты плян каля 48 гадзін таму. Мы павінны зрабіць так, каб ён запрацаваў на працягу наступных сямі дзён. Давайце сканцэнтруем нашу энергію і намаганьні на тым, каб гэта спрацавала, што складана. Вельмі складана».
Паўстанцы скептычна паставіліся да дасягнутага ў Мюнхене пагадненьня аб спыненьні баявых дзеяньняў у Сырыі. У інтэрв’ю ВВС прадстаўнікі трох паўстанцкіх груп зноў паўтарылі сваё патрабаваньне аб адхіленьні прэзыдэнта Башара Асада ад улады.