Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кэры: без выкананьня ўмоваў "Менску" санкцыі супраць Расеі ня будуць зьнятыя


Джон Кэры і Сяргей Лаўроў на канфэрэнцыі ў Мюнхене
Джон Кэры і Сяргей Лаўроў на канфэрэнцыі ў Мюнхене

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры абвінаваціў Расею ў працягу агрэсіі і заявіў, што санкцыі ў дачыненьні да яе застануцца ў сіле да той пары, пакуль ня будуць цалкам выкананы Менскія дамоўленасьці па ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

Паводле яго, абмежавальныя меры ў дачыненьні да Масквы ня будуць зьнятыя, пакуль ня будуць абаронены сувэрэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны. «У Расеі ёсьць выбар: цалкам рэалізаваць менскія пагадненьні або атрымаць шкоду ад працягнутых санкцый», — сказаў Кэры, выступаючы ў суботу ў Мюнхэне на канфэрэнцыі па бясьпецы.

Кэры дадаў, што сярод абавязацельстваў, якія ўзяла на сябе Расея ў рамках Менскага працэсу — вывад расейскіх войскаў з усходніх раёнаў Украіны і стварэньня ўмоў для аднаўленьня кантролю Кіева над усёй украінска-расейскай мяжой.

Дзяржсакратар ЗША таксама заклікаў Украіну паскорыць правядзеньне рэформаў і актывізаваць намаганьні ў барацьбе з карупцыяй.

ЗША і краіны ЭЗ увялі эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Расеі ў адказ на падтрымку сэпаратыстам на ўсходзе Ўкраіны і анэксію Крыма. Масква абвяргае абвінавачваньні краінаў Захаду і Кіева ў падтрымцы сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны і прысутнасьці расейскіх войскаў на ўкраінскай тэрыторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG