Слонімскія прадпрымальнікі, якія гандлявалі на гарадзкім рынку таварамі лёгкай прамысловасьці, ужо другі месяц не працуюць з-за ўказу № 222. Тым часам прадукцыю лёгкай прамысловасьці з расейскіх рынкаў прадаюць у іхнім горадзе менскія прадпрымальнікі.
Слонімскія прадпрымальнікі сёньня праводзілі чарговы сход на мясцовым рынку, абмяркоўвалі бягучы момант і выпрацоўвалі сумесную стратэгію на далейшыя дзеяньні.
У той самы час прадпрымальнікі зь Менску арандавалі ў горадзе памяшканьне і наладзілі распродаж тавараў лёгкай прамысловасьці. Слонімцы вырашылі спраўдзіць у менчукоў дакумэнты на тавар і былі шакаваныя тым, што менчукі паказвалі ім тыя самыя дакумэнты з расейскіх рынкаў, якія маюць і яны і якіх недастаткова для гандлю падобным таварам.
Многіх гэта абурыла. Выклікалі супрацоўнікаў падатковай інспэкцыі, прадстаўніка райвыканкаму і санэпідэмстанцыі. Пры гэтым прысутнічаў каардынатар грамадзкай арганізацыі «Пэрспэктыва» Віктар Марчык. Вось што ён распавёў Свабодзе:
— Прадпрымальнікаў такая сытуацыя абурыла, многія эмацыйна пачалі задаваць пытаньні супрацоўнікам падатковай інспэкцыі адносна гандлю без адпаведных дакумэнтаў заежджымі гандлярамі. Узгадвалі ўказ № 222, пыталіся на каго ён распаўсюджваецца. Аднак падаткоўцы паводзііл сябе часам ня вельмі прыстойна, а нават хамавата, людзям нічога не тлумачылі. А адыходзячы, злосна заўважылі, што ніякіх парушэньняў ня выявілі.
Паводле Марчыка, прадпрымальнікі вырашылі на чарговы свой сход запрасіць кіраўніцтва раённай падатковай інспэкцыі і пачуць адказы на свае законныя пытаньні.