Паводле дадзеных штабу, усяго сэпаратысты зьдзейсьнілі 55 абстрэлаў, у прыватнасьці ў Маёрскім, Наўгародзкім, Луганскім, Аўдзееўцы, Мар’інцы, Пясках, Вопытным, шахце Бутаўка, паблізу Кірава, Першамайскага, Гнутава, Ламакінага, Краснагораўкі.
«Паводле апэратыўных дадзеных, на тэрыторыю так званай „ЛНР“ прыбылі куратары з РФ. Разам зь імі прыбыла група афіцэраў ГШ РФ з мэтай праверыць сыстэмы апэратыўнай і баявой падрыхтоўкі незаконных узброеных фармаваньняў. У рамках мерапрыемстваў праверкі з мэтай дэманстрацыі ўласнай баявой падрыхтоўкі, прарасейскімі баевікамі былі абстраляныя пазыцыі Ўзброеных Сіл Украіны ў Трохізбенцы», — гаворыцца ў паведамленьні.
Украінскі бок таксама адзначыў, што ў станіцы Луганскай баевікі на працягу гадзіны стралялі з 120-мілімэтровага мінамёта.
«Дадзеныя абстрэлы былі праведзеныя адмыслова для дэманстрацыі сваім крамлёўскім гаспадарам гатоўнасьці ў любы момант працягнуць эскаляцыю канфлікту на Данбасе», — паведамілі ў штабе АТА.
Інфармацыі пра пацярпелых з-за абстрэлаў украінскіх вайскоўцаў няма.
Данецкія сэпаратысты на сваіх сайтах сьцьвярджаюць, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны напярэдадні ўвечары абстралялі Камінтэрнава. У групоўцы «ЛНР» няма дадзеных за апошнія гадзіны пра сытуацыю на тэрыторыях, якія яны кантралююць.
Трохбаковая кантактная група ў Менску 13 студзеня заявіла пра чарговую дамоўленасьць аб спыненьні агню ў зоне баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны з 14 студзеня. Аднак з тых часоў бакі канфлікту неаднаразова абвінавачвалі адзін аднаго ў парушэньні «рэжыму цішыні».