Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з прэм’ер-міністрам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым у «нефармальнай абстаноўцы» на гарналыжным курорце ў Сочы (Расея).
На сустрэчы, як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, палітыкі абмеркавалі вынікі сустрэчы ўрадаў Расеі і Беларусі 29 студзеня, пераадоленьне нэгатыўных тэндэнцыяў у эканоміцы і шляхі нарошчваньня зьнешняга гандлю. Зьнешні гандаль Беларусі летась упаў на 27% у напрамку Эўразійскага эканамічнага саюзу, але ў час сустрэчы ўрадаў Мядзьведзеў казаў расейскім вытворцам, што замест падтрымкі чужых вытворцаў Расея хутчэй зробіць выбар на карысьць сваіх.
Што менавіта Мядзьведзеў казаў на сустрэчы з Лукашэнкам пра зьнешні гандаль і пераадоленьне цяжкой эканамічнай сытуацыі, невядома. Пра сустрэчу з Лукашэнкам ён, актыўны карыстальнік сацсетак, не паведамляў ні ў Twitter, ні ў Instagram, ні ва «Ўкантакце».
Тым ня меней, пасьля сустрэчы зь Мядзьведзевым Лукашэнка вырашыў узяць кароткатэрміновы адпачынак, і, як паведаміла ягоная прэс-сакратарка Натальля Эйсмант, апрабаваў гарналыжныя трасы расейскага Сочы.
Калі Лукашэнка выйдзе з адпачынку, невядома, але верагодна, што ён ужо не пасьпее на форум прадпрымальнікаў у Менску, на які атрымаў асабістае запрашэньне.