Гомельскі журналіст-фрылянсэр Кастусь Жукоўскі стаў своеасаблівым рэкардсмэнам па колькасьці атрыманых штрафаў за прафэсійную дзейнасьць. На 4 лютага яго зноў выклікаюць у суд.
Ён здымае відэа. Тыя відэаздымкі часта скарыстоўвае беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал «Белсат», які вядзе трансьляцыю з тэрыторыі Польшчы. Міліцыя езьдзіць па сьлядах фрылянсэра, апытвае людзей, у якіх Жукоўскі браў камэнтары па канкрэтных сацыяльных пытаньнях, складае адміністрацыйныя пратаколы за парушэньне заканадаўства аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі паводле артыкулу 22.9 КоАП і перадае ў суд. Суды штрафуюць фрылянсэра на буйныя сумы — нібыта за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.
4 лютага Жукоўскага выклікаюць у Буда-Кашалёўскі раённы суд на чарговы разгляд адміністрацыйнага пратаколу.
— Скажыце, Кастусь, колькі пратаколаў у дачыненьні да вас склала міліцыя і за якія менавіта «грахі»?
За адзін толькі 2015 год міліцыянты склалі шэсьць адміністрацыйных пратаколаў. І сёлета ўжо тры.
— За адзін толькі 2015 год міліцыянты склалі шэсьць адміністрацыйных пратаколаў. І сёлета ўжо тры. Cуды штрафавалі мяне ўжо восем разоў — агулам на 45 мільёнаў 150 тысяч рублёў. На гэтым тыдні мяне выклікаюць у суд Буда-Кашалёўскага раёну. Пры канцы мінулага году ў гэтым райцэнтры мы цікавіліся, чаму большасьць працаўнікоў мясцовага масласырзаводу, які зьяўляецца філіяй акцыянэрнага таварыства «Рагачоўскі малочна-кансэрвавы камбінат», адпраўленыя ў вымушаны адпачынак за свой кошт. Склады камбінату былі забітыя сырамі, і каля двухсот чалавек рызыкавалі наагул застацца бяз працы. Відэаздымкі выкарыстаў 16 сьнежня тэлеканал «Белсат». Мясцовыя міліцыянты склалі адміністрацыйны пратакол пра «выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ без акрэдытацыі». Так што ў чацьвер мяне будуць судзіць ужо дзявяты раз.
— Дык, можа, выяўляеце нейкія злоўжываньні, карупцыйныя схемы, калі міліцыя перасьледуе за кожную паездку?
— Шчыра кажучы, я нават ня ведаю дакладна, чаму за мяне так шчыльна ўзяліся. Я ня выкрыў, скажам, нейкую буйную карупцыю на Гомельскім мясакамбінаце ці ў гарвыканкаме, зьвязаную з махінацыямі кватэраў былога старшыні Піліпца. Я нават не займаўся нейкімі значнымі журналісцкімі расьсьледаваньнямі, дзе б размова ішла пра мільярдныя страты. Я здымаю найчасьцей паўсядзённы побыт звычайных людзей. У Карме, напрыклад, былі праблемы з забесьпячэньнем пітной вадой мясцовых жыхароў. Людзі скардзіліся — паехалі зьнялі.
У Рэчыцкім раёне ў адной зь вёсак дохлі сьвіньні — таксама езьдзілі, здымалі. Дык мясцовы райаддзел міліцыі падключыў супрацоўнікаў ДАІ — ганяліся за мною і Натальляй Крывашэй мудрэй, чым за злачынцамі.
У мяне ёсьць толькі адно тлумачэньне, чаму ўлады так нэрвова рэагуюць на нашы відэаздымкі: відаць, мы псуем «карцінку», якую стварае пра жыцьцё беларусаў афіцыйнае тэлебачаньне.
У мяне ёсьць толькі адно тлумачэньне, чаму ўлады так нэрвова рэагуюць на нашы відэаздымкі: відаць, мы псуем «карцінку», якую стварае пра жыцьцё беларусаў афіцыйнае тэлебачаньне. Нездарма ж каторы год улады Беларусі адмаўляюць у акрэдытацыі беларускамоўнаму тэлеканалу «Белсат». Затое тэлепрастору запаўняюць расейскамоўныя каналы. Нават з нацыянальнага тэлебачаньня амаль цалкам выціснутая беларуская мова.
— Кастусь, а як вы заняліся відэапэратарствам? Гэта быў нейкі покліч у прафэсію ці проста зьбег абставінаў?
— Я працяглы час працаваў на будоўлі — у Расеі, у Польшчы. У свой час завочна скончыў юрыдычнае аддзяленьне Ваўкавыскага тэхнікума. Калі са Сьветлагорску пераехаў зь сям’ёю ў Гомель, то працаваў таксоўшчыкам.
Адначасова займаўся грамадзкай працай. Арганізавалі кампанію сярод моладзі: «Хопіць піць — трэба жыць!» Прасоўвалі ў грамадзтве нашы нацыянальныя сымбалі — герб «Пагоню» і гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг.
У 2008 годзе балятаваўся кандыдатам ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Буда-Кашалёўскай выбарчай акрузе № 38, але зьняў сваю кандыдатуру ў першы дзень датэрміновага галасаваньня, бо ня меў роўных умоваў вядзеньня перадвыбарчай агітацыі з кандыдатам ад улады, супрацоўнікам КДБ Уладзімерам Кужанавым.
Падчас свайго кандыдацтва страціў працу таксоўшчыкам ня толькі я сам, але і кіраўнік маёй ініцыятыўнай групы. Мяне нават праз суд прымусілі вярнуць грошы на перадвыбарчыя ўлёткі, паколькі я зьняўся з выбараў.
Акурат падчас агітацыйнай кампаніі я зьняў на відэа выступ ідэоляга зь Веткі — гэта скарыстаў тэлеканал, і я атрымаў тады папярэджаньне ад пракуратуры. А ў 2014 годзе мы з Ларысай Шчыраковай паехалі ў Сьветлагорск здымаць адзіночны пікет інваліда-вазочніка. Той выехаў на плошчу перад райвыканкамам, каб рамонтнікі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ўлічылі і яго права на безбар’ернае перамяшчэньне падчас капітальнага рамонту дома. Але ледзь інвалід разгарнуў плякат, як прымчала машына хуткай дапамогі, інваліда падхапілі, што называецца, пад белы рукі й памчалі ў шпіталь. Мы, канечне, распавялі ў СМІ пра гвалт над пікетоўцам-адзіночкам.
Тамтэйшая міліцыя абвінаваціла мяне й Шчыракову ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце. Адміністрацыйны пратакол складаў маёр Андрыеўскі, а судзьдзя Сьветлагорскага райсуду Ірына Алісейка аштрафавала кожнага з нас на 900 тысяч рублёў.
— Незалежныя СМІ паведамлялі, што Вас каралі штрафамі й арыштамі яшчэ й за грамадзкую дзейнасьць?
Па маіх падліках, я правёў за кратамі звыш ста сутак.
— І не адзін раз. Па маіх падліках, я правёў за кратамі звыш ста сутак. Адседкі чаргаваліся са штрафамі — то за распаўсюд улётак, то за вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг, то за ўдзел у так званых несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Цяпер я стаў займацца відэаздымкамі — і таксама пасыпаліся штрафы.
— Наколькі вядома, вы ж афармлялі дакумэнты на індывідуальнае прадпрымальніцтва, каб займацца менавіта падрыхтоўкай інфармацыйных матэрыялаў?
— Так, афармляў. А днямі пайшоў і здаў пасьведчаньне. А навошта я буду плаціць яшчэ й падаткі, калі ні міліцыя, ні суды не зьвяртаюць увагі на маё пасьведчаньне і пазначаны у ім від дзейнасьці. У судзе Кармянскага раёну, дзе мяне судзілі дзесяць дзён таму за відэасюжэт на тэлеканале «Белсат» пра перабоі з забесьпячэньнем жыхароў райцэнтру пітной вадой, складальнік пратаколу маёр міліцыі Ўладзімер Марозаў на пытаньні адваката заявіў, што не запытваў у тэлеканала «Белсат», хто зьяўляецца аўтарам сюжэту пра праблемы водазабесьпячэньня насельніцтва ў Карме, не высьвятляў, перасылаў я ці не відэаздымкі тэлеканалу «Белсат» альбо той узяў іх у адкрытым доступе ў сацыяльных сетках. Ня ведаў міліцыянт таксама, што я зьяўляўся індывідуальным прадпрымальнікам і займаўся менавіта падрыхтоўкай інфармацыйных матэрыялаў.
Маёр міліцыі адкрыта патлумачыў у судзе, што тэлефанаваў калегам у Буда-Кашалёва і Сьветлагорск, і там яму сказалі, што падобныя пратаколы яны складалі, і суды мяне штрафавалі. Таму ён таксама склаў адміністрацыйны пратакол. І што вы думаеце? Судзьдзя Андрэй Аўсейцаў, нягледзячы на такія тлумачэньні аўтара адміністрацыйнага пратаколу, пакараў мяне 6-мільённым штрафам.
— Як ставіцца да вашага фрылянсэрства сям’я? Такія буйныя штрафы — гэта ж і ўдар па сямейным бюджэце?
Бывала, што з-за штрафаў кавалка хлеба ў доме бракавала. І не ў фігуральным, а ў літаральным сэнсе. Дзякуй сваякам ды знаёмым — выручалі.
— Ды яшчэ які ўдар! Перажываюць, найперш жонка, сваякі, бо дачка яшчэ малая, ня ўсё разумее. Бывала, што з-за штрафаў кавалка хлеба ў доме бракавала. І не ў фігуральным, а ў літаральным сэнсе. Дзякуй сваякам ды знаёмым — выручалі, а то іншы раз хоць каравул крычы. Я зразумеў, што журналісцкі хлеб, і ўсякі іншы, для сумленнага чалавека лёгкім не бывае.
Здаралася ў маім жыцьці, што дома суткамі ня ведалі, дзе я — міліцыя адвозіла ў ізалятар за краты, як кажуць без суда і сьледзтва, і нікому нічога не паведамляла. І мне не дазвалялі патэлефанаваць. Але гэта было зьвязана не з фрылянсэрскай, а найперш з грамадзкай дзейнасьцю.
— Кастусь, ці адчуваеце Вы нейкую падтрымку з боку журналісцкай супольнасьці? На Ваш погляд, якім чынам зьмяніць сытуацыю ў краіне — з тым, каб улады не заціскалі вольнае слова, не перасьледавалі журналістаў, тым больш, што сам Аляксандар Лукашэнка абяцаў падчас мінулагодняга інтэрвію Радыё Свабода і некалькім іншым незалежным СМІ разабрацца ў сытуацыі з фрылянсэрамі, зь іх перасьледам і штрафамі?
На жаль, разьбіраюцца так, што ўжо нават у судах АМАПаўцы пачалі дубасіць журналістаў.
— На жаль, разьбіраюцца так, што ўжо нават у судах АМАПаўцы пачалі дубасіць журналістаў. І вельмі слушна заўважыў заснавальнік TUT.BY Юры Зісер, што беларускія ўлады «засумавалі па санкцыях».
Падтрымка нас, фрылянсэраў, адчуваецца найперш з боку Беларускай асацыяцыі журналістаў і яе юрыстаў. Канстытуцыя ж гарантуе грамадзянам Беларусі права на збор і распаўсюд інфармацыі. Гэта гарантуецца таксама міжнароднымі пагадненьнямі, ратыфікаванымі нашай краінай.
Зь іншага боку, гэтае канстытуцыйнае права абмяжоўвае Палажэньне аб акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ, зацьверджанае Саўмінам. Яго распаўсюджваюць нават на фрылянсэраў, якія не зьяўляюцца журналістамі замежных СМІ.
У інтэрнэце было таксама паведамленьне, што нашымі штрафамі занепакоена прадстаўніца АБСЭ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч, якая заклікала беларускія ўлады спыніць перасьлед супрацоўнікаў мэдыяў і, як сказана, «практыку абмежавальных мераў у дачыненьні да фрылянс-журналістаў і перастаць перашкаджаць ім спакойна і свабодна выконваць сваю працу». Сярод шасьці «штрафнікоў» згадвалася і маё прозьвішча, а таксама Ларысы Шчыраковай з Гомеля.
Памятаецца, яшчэ ў жніўні карэспандэнт Радыё Свабода Валер Каліноўскі падчас інтэрвію зьвяртаў увагу Аляксандра Лукашэнкі на фрылянс-журналістаў, якія ў розных гарадах Беларусі спрабуюць нешта пісаць ды здымаць для замежных СМІ. Іх судзяць, бо яны ня маюць акрэдытацыі.
Тое, што кіраўнік дзяржавы назваў глупствам, стала цяпер нормай.
У мяне захавалася нават цытата, як выказаўся тады Лукашэнка: «Я думаю, што гэта глупства. Усё роўна напішуць. Забараняць — гэта ня мой прынцып. Я вывучу гэтую праблему. Што да гэтых штрафаў, то таксама вывучым. Людзі ж небагатыя. Я вам абяцаю, што разгледжу гэтае пытаньне, таму што, відаць, вы маеце рацыю тут». І кіраўнік дзяржавы папрасіў сваю прэсавую службу падрыхтаваць яму інфармацыю на гэты конт. І што зьмянілася?
А вось што. Да прэзыдэнцкіх выбараў і адразу пасьля іх фрылянсэраў сапраўды не чапалі. Але ўжо ў лістападзе перасьлед аднавіўся. Міліцыянты зноў пачалі складаць пратаколы, калі нейкае відэа ці інфармацыя патрапіць на той жа «Белсат». Ну, а суды сьледам сталі бязбожна штрафаваць фрылянсэраў. Мой прыклад, відаць, у гэтым сэнсе самы красамоўны. Тое, што кіраўнік дзяржавы назваў глупствам, стала цяпер нормай.