Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вестка для БРСМ: бяз мовы вышыванка — музэй і нафталін


Пасьля публікацыі на нашым сайце паведамленьня пра тое, што «Ўрад загадаў БРСМ правесьці дзень вышыванкі»​, пад ім пачалі пісаць арганізаваныя прыхільнікі БРСМ.

Агульны зьмест камэнтараў такі: ніхто, у тым ліку і арганізатары фэстывалю «Дзень вышыванкі» з «Арт-сядзібы», ня маюць манаполіі на пашану да нацыянальнага адзеньня беларусаў.

Гэта праўда. Ніхто ня мае. Ды толькі арганізаваны характар кампаніі ботаў (так пачалі называць «батальёны троляў» БРСМ) паказвае не на іх шчырую любоў да вышыванкі, а на каньюнктурнае выкананьне загадаў начальства.

У гэтай сувязі коратка па сутнасьці справы.

Нацыянальнае адзеньне сёньня ў Эўропе выкарыстоўваюць шмат якія народы. Звычайна людзі апранаюць яго ў выхадныя дні і сьвяты, калі ідуць у царкву або ў іншае грамадзкае месца. Так робяць у Нямеччыне, Аўстрыі, Чэхіі і іншых краінах. Прычым ня толькі звычайныя людзі, але і прадстаўнікі арыстакратыі — бароны і графы. Я гэта ня раз бачыў на свае вочы.

Яшчэ ў 1960-я гады апраналі ў сьвяты нацыянальныя строі і жыхары правінцыйнай Беларусі. Але магутны працэс русыфікацыі, які ўзмацніўся якраз у тыя гады, зьвёў гэтую традыцыю на нішто.

У выніку сёньня пра патрэбу карыстаньня нацыянальнымі строямі вядуцца спрэчкі нават сярод прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай эліты. Некаторыя кажуць, што вышыванкі, як і іншыя этнаграфічныя традыцыі (калядаваньне, валачобніцтва і т.д.) — гэта «вёска і лапці», а рухацца трэба ў Эўропу і да высокай гарадзкой культуры.

Насамрэч, тут няма ніякай супярэчнасьці. Калісьці, у далёкім 1990 годзе, акадэмічны Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру выдаў манаграфію «Грамадзкі быт і культура гарадзкога насельніцтва Беларусі». У саліднай калектыўнай працы сьцьвярджаецца, што тое, што мы сёньня называем вясковымі традыцыямі — Каляды, валачобніцтва і іншае, яшчэ ў XVII стагодзьдзі было і гарадзкой традыцыяй. Нават кароль сваімі ўказамі рэгуляваў дачыненьні паміж гарадзкім магістратам і біскупам з аднаго боку, і валачобнікамі ці калядоўшчыкамі зь іншага.

Агульная выснова працы такая — гістарычна існавала моцная сувязь паміж гарадзкой і сялянскай культурай Беларусі, а ў горадзе бытавала практычна ўсё, што бытавала і ў вёсцы, у тым ліку і вышыванка.

Проста ва ўмовах моцнай дэнацыяналізацыі гораду менавіта вёска і сяляне захавалі да ХХ стагодзьдзя нацыянальны строй, нацыянальны фальклёр і іншыя нацыянальныя традыцыі. А ў канцы мінулага стагодзьдзя амаль памерла ўжо і сама вёска.

Сёньня ня трэба забывацца, што нацыянальны касьцюм — гэта ня толькі вышываная кашуля. Варта, часам, зазіраць у Энцыкляпэдыю літаратуры і мастацтва Беларусі або ў альбомы Міхася Раманюка, каб зразумець, што нацыянальны строй — гэта цэлы комплекс выкшталцонага традыцыйнага адзеньня з багатымі рэгіянальнымі асаблівасьцямі.

З вышыванкай сёньня нельга перагінаць. Заўсёды будуць людзі, які аддаюць перавагу сучаснаму адзеньню перад традыцыйным. Але нельга яе і ганіць, бо неразумна пляжыць сваё.

У тым, што адбываецца цяпер у Беларусі, нельга не заўважыць, што у руках улады вышыванка можа падмяніць сабой і мову, і ўсю нацыянальную культуру, стаць іх сурагатам.

Таму і навука для актывістаў БРСМ: бяз мовы вышыванка — гэта мёртвы музэйны экспанат. Хочаце яго ажывіць — карыстайцеся мовай. Ня хочаце — лепш не чапайце.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG