Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Belarus - trial of graffiti makers
Belarus - trial of graffiti makers

Графіцістаў пакаралі штрафамі за графіці «Беларусь мае быць беларускай»

абноўлена

Трох хлапцоў вінавацілі ў напісаньні графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», а таксама ў тым, што запэцкалі сацыяльную рэкляму зь міліцыянтамі.

У Менску завершыўся працэс над графіцістамі. Суд пакараў штрафамі:

Вадзіма Жаромскага — у 50 базавых велічынь(10 500 000 рублёў).

Максіма Пякарскага — у 40 базавых (8 400 000).

Вячаслава Касінерава — у 30 базавых (6 300 000).

Пракурор працытаваў пратакол допыту Касінерава ад 11 жніўня 2015 году, але той заявіў, што такога допыту не магло быць, бо ўпершыню яго дапытвалі 13 жніўня. Зачыталі даведку турэмнага лекара ад 15 жніўня, што Касінераў можа па стане здароя браць удзел у сьледчых дзеяньнях. Касінераў да суду распавядаў, што ў той час ня мог есьці і размаўляць, бо ў яго была зламаная сківіца, што адбылося падчас арышту.

Пракурор пачаў зачытваць дакумэнты 7-га тому. Яшчэ будуць 8-мы і 9ты. Суд дазволіў у мэтах эканоміі часу зачытваць толькі тыя пратаколы допытаў абвінавачаных, якія супярэчаць іх паказаньням у судзе, і адразу задаваць пытаньні адносна гэтых разыходжаньняў.

Вывучаюць 6 том справы

Пачалі з пратаколу рэчаў, забраных пасьля ператрусу ў Касінерава. Усяго было забрана 18 пазыцый, у тым ліку адзеньне, рэчы, кампутар. Потым сыстэмны блёк кампутара выключылі са справы. Таксама ў Касінерава было забрана шмат кніг і брашур, якія потым агледзелі, выключылі з матэрыялаў і яму вярнулі.

Усплыла таямнічая «зброя»

У ходзе вывучэньня дакумэнтаў выявілася, што ў Жаромскага падчас арышту забралі газавы пісталет. Пракурор зачытаў дакумэнт, паводле якога гэты пісталет быў пазьней выключаны са справы і вернуты Жаромскаму. Гэта, відаць, і ёсьць тая «зброя», пра якую заяўляў СК пасьля арышту хлопцаў у жніўні 2015 году, што «яны мянялі адрасы, прозьвішчы, у іх была зброя».

Дасьледуюць матэрыялы па справе

Прадстаўнік пракуратуры Сьцяпурка пачаў зачытваць матэрыялы справы з 5-га тому.

Працэс пачаўся. Поўная заля. Сярод іншых прыйшоў Анатоль Лябедзька.

Суд пачаўся 25 студзеня, працягваўся 26 студзеня.

Максім Пякарскі,Вячаслаў Касінераў і Вадзім Жаромскі не прызнаюць сваёй віны, а пацярпелы прадпрымальнік, чый білборд пашкодзілі, адмовіўся ад прэтэнзіяў, бо яму ўжо кампэнсавалі страты ў 2 млн рублёў.

25 студзеня перад пачаткам судовага паседжаньня па справе графіцістаў актывісты Павал Сяргей і Максім Шыцік разгарнулі расьцяжку «Не — палітычным перасьледам» і выкрыквалі: «Мастацтва — не злачынства!». Іх гвалтам вывелі з залі суду, затрымалі і зьбілі. Разам зь імі зьбілі і затрымалі журналіста парталу tut.by Паўла Дабравольскага, які быў за дзьвярыма залі пасяджэньня і пачаў здымаць на відэа, як затрымліваюць актывістаў.

Максіма Шыціка пакаралі штрафам у 45 базавых велічынь (9 450 000 рублёў), Паўла Сяргея — штрафам у 50 базавых велічынь (10 500 000 рублёў). Журналісту Паўлу Дабравольскаму прысудзілі штраф 45 базавых велічынь (9 450 000 беларускіх рублёў). Працэс вяла Марыя Ярохіна.

XS
SM
MD
LG