Расказваем вельмі коратка, у пяці пытаньнях-адказах:
Малдова — гэта наогул дзе?
Рэспубліка Малдова — дзяржава на паўднёвым усходзе Эўропы, мяжуе з Украінай і Румыніяй.
Насельніцтва — каля 3.560.000 чалавек, ВУП — амаль $ 8 млрд. (з постсавецкіх рэспублік гэта дзесьці паміж Таджыкістанам і Кыргызстанам).
Што там адбываецца і чаму гэта важна?
У 2014 годзе зь дзяржбанкаў Малдовы зьнік $ 1 млрд — гэта значыць, адна восьмая частка ВУП. Для краіны гэта ня проста буйная, а гіганцкая сума. Скандал выліўся ў сур’ёзны палітычны крызіс.
Апошняму ўраду вынесьлі вотум недаверу ў кастрычніку 2015 і толькі ў студзені са скандалам прызначылі новы кабінэт.
Гэта справакавала новыя акцыі пратэсту (зь пераменным посьпехам яны цягнуцца зь мінулай вясны) — на мінулым тыдні ў Кішынёве нават спрабавалі штурмаваць парлямэнт.
Хто ў Малдове і супраць чаго пратэстуе? Зноў «празаходнія» супраць «прарасейскіх»?
Гэтага яўнага падзелу няма: выступы падтрымліваюцца як прарасейскімі, так і празаходнімі сіламі.
Жыхары Малдовы незадаволеныя карупцыяй, пагаршэньнем ў эканоміцы і засільлем алігархаў.
Жыхары Малдовы незадаволеныя карупцыяй, пагаршэньнем ў эканоміцы і засільлем алігархаў.
Пратэсты разгарэліся з новай сілай пасьля прызначэньня 20 студзеня прэм’ер-міністрам празаходняга дэмакрата Паўла Філіпа (гэта ўжо чацьвёрты прэм’ер за апошні год) — прызначэньне праходзіла выключна непразрыста, у сьпешцы на экстраннай нарадзе парлямэнту. Прысягу Філіп прымаў непублічна.
Пратэстоўцы лічаць, што новы прэм’ер — стаўленік Уладзіміра Плахатнюка, самага ўплывовага малдаўскага алігарха.
Якія ў Малдове асноўныя палітычныя сілы?
З 2009 года ў Малдове ва ўладзе знаходзіўся альянс «За эўрапейскую інтэграцыю» з трох партый: дэмакратычнай (Марыян Лупу, дэ-факта лідэр — Плахатнюк), лібэральна-дэмакратычнай (Улад Філат) і лібэральнай (Міхай Гімпу).
Пратэстоўцы паабяцалі разгарнуць кампанію грамадзянскага непадпарадкаваньня, калі іх патрабаваньні ня будуць выкананыя да 28 студзеня.
Лібэральныя дэмакраты нядаўна перайшлі ў апазыцыю — пасьля таго, як Філата затрымалі па падазрэньні ў карупцыі і датычнасьці да схем з вывадам мільярда даляраў.
Таксама па іншы бок барыкад — прарасейскія «Наша Партыя» (Рэната Усаты) і сацыялісты (Ігар Дадон), а таксама новы праэўрапейскі блок «Годнасьць і праўда» (Андрэй Нэстасе).
І што далей?
У нядзелю 24 студзеня пратэстоўцы паабяцалі разгарнуць кампанію грамадзянскага непадпарадкаваньня, калі іх патрабаваньні (правядзеньне датэрміновых выбараў у парлямэнт, адстаўка ўраду) ня будуць выкананыя да чацьвярга, 28 студзеня.
Апазыцыя пагражае блякаваньнем вуліц, дарог і ўрадавых будынкаў.