Пасьля трох гадоў на чале Кіроўнай рады ЭГУ прафэсар Даніэль Таршыс пакідае пасаду.
21–22 студзеня ў Вільні прайшло паседжаньне Кіроўнай рады ЭГУ, на якім было абвешчана, што 22 студзеня 2016 году ўрад Швэцыі прызначыў прафэсара Даніэля Таршыса кіраўніком працоўнай групы па пытаньнях міграцыі, у прыватнасьці па пытаньнях супрацоўніцтва паміж амбасадамі і кансулятамі Швэцыі і Швэдзкім агенцтвам па міграцыі. З гэтай прычыны прафэсар Таршыс вымушаны пакінуць пасады старшыні і сябра Кіроўнай рады ЭГУ.
Кіроўная рада ўнівэрсытэту выказала падзяку прафэсару Таршысу, які год быў намесьнікам старшыні, а цягам апошніх трох гадоў — старшынём Кіроўнай рады ЭГУ. Прызнаючы заслугі прафэсара Таршыса, рэктар ЭГУ прафэсар Дэвід Полік сказаў:
«Даніэль Таршыс знаходзіўся ў ЭГУ ў адзін з найбольш напружаных пэрыядаў існаваньня ўнівэрсытэта, у якім адбываліся складаныя зьмены і трансфармацыі. Уся супольнасьць ЭГУ шчыра дзякуе прафэсару Таршысу за ягоную падтрымку ў той момант, калі яна найбольш была патрэбная».
Разьвітваючыся з ЭГУ, былы Генэральны сакратар Рады Эўропы і прафэсар-эмэрыт палітычных навук і публічнага адміністраваньня Стакгольмскага ўнівэрсытэту Даніэль Таршыс адзначыў:
«ЭГУ застаецца выбітным праектам, які мае тры ідэнтычнасьці: беларускую, літоўскую і эўрапейскую. Я ўпэўнены, што ўнівэрсытэт працягне ўласнае існаваньне ў выглядзе энэргічнай акадэмічнай супольнасьці, якая робіць уласны ўнёсак у адукацыю моладзі і такім чынам — у будучыню Беларусі. Я хачу падзякаваць усім тым, хто дапамагаў у працэсе станаўленьня і росквіту ЭГУ».
Часовай выканаўцай абавязкаў старшыні Кіроўнай рады ЭГУ прызначана Эн Лонсдэйл, шматгадовы сябра рады. Выбары сталага старшыні прызначаныя на чэрвень 2016 году.
Эн Лонсдэйл, камандор ордэна Брытанскай Імпэрыі, — выбітны брытанскі сіноляг, экспэрт у галіне вышэйшай адукацыі і шматгадовы сябра Кіроўнай рады ЭГУ.
Эн Лонсдэйл займала пасаду прэзыдэнта Нью-Хола ў Кембрыджскім унівэрсытэце ў 1996–2008 гг., пра-віцэ-канцлера Кембрыджскага ўнівэрсытэту ў 1998–2003 гг. і намесьніка віцэ-канцлера да 2008 г. Раней сп-ня Лонсдэйл займала пасаду генэральнага сакратара Цэнтральна-Эўрапейскага ўнівэрсытэту і была адной са стваральнікаў Унівэрсытэту Назарбаева ў Астане (Казахстан), дзе была Провастам-заснавальнікам у 2010–2012 гг. і вярнулася на гэтую пасаду ў 2015 годзе.