Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць за надпіс «Беларусь мае быць беларускай»


Адзін з падсудных па «справе графіцістаў» Вадзім Жаромскі быў выпісаны са шпіталю ў Смаргоні адмыслова да суду.

25 студзеня ў Фрунзенскім раённым судзе Менску пачынаецца суд над графіцістамі, якія ўлетку 2015 году напісалі на будынках гораду і на плоце графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», а таксама запэцкалі фарбай сацыяльную рэкляму з выявай міліцыянта.

Перад судом маюць зьявіцца Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі і Вячаслаў Касінераў. Маладыя людзі адбылі ўлетку амаль па месяцы ў сьледчым ізалятары, адкуль выйшлі пад падпіску аб нявыезьдзе пасьля акцыяў салідарнасьці і пратэсту. Максіма Пякарскага будуць судзіць паводле артыкула аб апаганьваньні збудаваньняў і псаваньні маёмасьці, Вадзіму Жаромскаму да гэтага абвінавачаньня дададзенае хуліганства ў складзе групы, Вячаславу Касінераву інкрымінаванае псаваньне маёмасьці.

На пачатку студзеня адзін з графіцістаў, Вадзім Жаромскі, патрапіў у шпіталь у Смаргоні. У пяініцу яго тэрмінова выпісалі да пачатку працэсу. Вось што распавяла пра сытуацыю з падазраваным праваабаронца «Вясны» Наста Лойка:

Наста Лойка
Наста Лойка

«Стан здароўя Вадзіма Жаромскага сур’ёзна пагоршыўся. Але, калі прызначылі дату судовага пасяджэньня, Вадзіму пачалі тэлефанаваць з суда і заяўляць, каб той прыехаў, падпісаў позву і, натуральна, абавязкова зьявіўся ў судзе. Патрабавалі нават факс са шпіталя. У выніку Вадзім Жаромскі даў паразмаўляць па тэлефоне дактарам, і тыя самі былі зьдзіўленыя: «Пацыент у нас лекуецца, які суд?»

Паводле праваабаронцы, 16 студзеня да графіціста наведаўся ў лякарню міліцыянт, каб уручыць позву пад подпіс.

«Я так разумею, што стан здароўя Жаромскага не асабліва турбуе ані суд, ані сілавікоў. Назіраецца нейкая дзіўная мітусьня, каб хутчэй прайшоў судовы працэс», — распавяла Наста Лойка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG