Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актыўных магілёўцаў, якія правялі ноч у ізалятары за цікавасьць да працы судзьдзі, апраўдалі


Аляксандар Хамратаў (справа) і Юры Гарбацэнка ў судзе
Аляксандар Хамратаў (справа) і Юры Гарбацэнка ў судзе

Ленінскі суд Магілёва спыніў адміністрацыйную справу супраць трох мясцовых жыхароў, якія наважыліся былі паназіраць за тым, як праводзіць працэс судзьдзя, які раней прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасьці.

20 студзеня ў будынку суду Магілёўскага раёну Аляксандра Хамратава, Юрыя Гарбацэнку ды Дзьмітрыя Здубнікава затрымалі і зьвінавацілі ў непавазе да суду. Больш за дванаццаць гадзін яны правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

22 студзеня судзьдзя Ленінскага раёну Ігар Швэдаў пастанавіў, што ў дзеяньнях актывістаў не было складу адміністрацыйнага правапарушэньня.

Хамратаў, Здубнікаў ды Гарбацэнка на судзе цьвердзілі, што прыйшлі паназіраць за судовым працэсам, бо гэта іхнае канстытуцыйнае права на атрыманьне інфармацыі. Іх цікавасьць выклікала пасяджэньне ў Магілёўскім раённым судзе пад старшынствам Станіслава Леўчанкі. Пры спробе высьветліць у яго, ці пачнецца працэс у час, даводзілі абвінавачаныя ў адміністрацыйным правапарушэньні, судзьдзя спачатку заявіў, каб яму не перашкаджалі працаваць, а потым выклікаў міліцыю.

Пасьля таго як актывісты перабылі ноч у ізалятары, ім стала вядома, што іх абвінавачваюць у «непавазе да суду». Далі на рукі кожнаму копіі пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні. Паводле ўсіх траіх, арыгіналаў ім ніхто не паказваў. Разам з тым, у копіі было напісана, што яны адмовіліся падпісваць пратакол і даваць тлумачэньні.

Сёньня на судзе стала вядома, што пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні складала сакратарка, якая працуе разам з судзьдзём Леўчанкам. Як вынікала зь яе тлумачэньня, судзьдзя сказаў ёй напісаць пратаколы, вусна пераказаў, што адбылося, і дадаў дзьве дакладныя. Адна зь іх была напісаная самім судзьдзём, а другая адвакатам, які знаходзіўся ў кабінэце зь Леўчанкам, калі актывісты пыталіся пра судовае пасяджэньне. Сакратарка не была сьведкай інцыдэнту. Паводле яе, яна знаходзілася ў іншым кабінэце і ня чула, каб у будынку суду парушаўся парадак.

Адвакат Юры Ганчароў у сваіх тлумачэньнях даводзіў, што знаходзіўся ў кабінэце судзьдзі Леўчанкі па службовым пытаньні. Паводле адваката, судзьдзя карэктна і спакойна адказаў на пытаньні мужчын, якія некалькі разоў зазіралі ў кабінэт, і прасіў іх не перашкаджаць працы.

«Як мне падалося, людзі прыйшлі, каб дэзарганізаваць працу суду. На заўвагі судзьдзі не было рэагаваньня. Я гэта ўспрыняў як непавагу да суду. Пасьля гэтага судзьдзя патэлефанаваў у міліцыю», — тлумачыў сваё бачаньне інцыдэнту Ганчароў. Дакладную на актывістаў, паводле яго, набіраў на кампутары судзьдзя Леўчанка.

Сам Леўчанка, якога выклікалі ў суд як сьведку, заявіў суду, што ўсе тры абвінавачаныя перашкаджалі яму працаваць. Зазіралі ў кабінэт, як ён сказаў, «узбуджана» і не рэагавалі на патрабаваньні «зачыніць дзьверы з адваротнага боку».

«Каб запабегчы канфлікту, я выклікаў міліцыю», — даводзіў судзьдзя сваю пазыцыю.

На большасьць пытаньняў сваіх апанэнтаў Леўчанка адказваў адным словам: «Ня памятаю». Непрыязнага стаўленьня да абвінавачаных у адміністрацыйным правапарушэньні ў судзьдзі, паводле яго, не было. У жыцьці ён сутыкаўся толькі з Юрыем Гарбацэнкам, які праходзіў па адной з адміністрацыйных спраў.

Тым часам абвінавачаныя настойвалі, што судзьдзя Станіслаў Леўчанка справакаваў інцыдэнт, каб адпомсьціць ім. Двое зь іх у свой час скардзіліся непасрэдна на гэтага судзьдзю.

Паводле Хамратава, ён дамогся, каб Леўчанку прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці за разгалошваньне ім таямніцы жыцьця аднаго з падсьледных, пра якога былі зьняважлівыя публікацыі ў газэце «Вечерний Могилёв». Гэтае выданьне рэдагуе маці судзьдзі. Юры Гарбацэнка даводзіў: судзьдзя Леўчанка пакараў яго адміністрацыйным арыштам, пазбавіўшы права на абарону. Ён скардзіўся, каб пакаралі судзьдзю за гэтае парушэньне. Дзьмітры Здубнікаў жа дамагаўся, каб газэта «Вечерний Могилёв» апублікавала абвяржэньне на артыкул пра абставіны зьбіцьця жыхаркі абласнога цэнтру.

Пасьля двухдзёнага судовага разьбіральніцтва судзьдзя Ігар Швэдаў паставіў спыніць адміністрацыйны працэс за адсутнасьцю складу адміністрацыйнага правапарушэньня.

Усе трое абвінавачаных задаволеныя выракам.

Іншага рашэньня я і не чакаў. Судзьдзя дужа пісьменна разглядзеў справу і вынес законнае рашэньне

«Я задаволены, бо справа спыненая праз адсутнасьць складу правапарушэньня. Па-сутнасьці, мы нічога незаконнага не зьдзяйсьнялі, — камэнтуе прысуд Дзьмітры Здубнікаў. — Іншага рашэньня я і не чакаў. Судзьдзя дужа пісьменна разглядзеў справу і вынес законнае рашэньне. Мы пастараемся даць далей ход гэтай справе. Нас не задавальняюць дзеяньні судзьдзі Леўчанкі. Такія паводзіны нельга пакідаць без увагі юрыдычнай грамадзкасьці і наагул грамадзкасьці».

Паводле Здубнікава, ён і ягоныя калегі будуць дамагацца кампэнсацыі за зьняволеньне ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Аляксандар Хамратаў, Юры Гарбацэнка ды Дзьмітры Здубнікаў займаюцца праваабарончай дзейнасьцю і нярэдка наведваюць судовыя пасяджэньні, каб пабачыць, ці згодна з працэсуальнымі нормамі праходзяць гэтыя працэсы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG