Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саўка: Тарашкевіцаю трэба карыстацца. І вы пераканаецеся, што яна — выразная, гарманічная сыстэма


20 студзеня 1892 нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч, беларускі мовазнаўца і палітычны дзяяч, аўтар першай беларускай граматыкі.

[арыгінал публікацыі 20.02.2009​]

Тарашкевіца — або клясычны правапіс — артаграфічны стандарт беларускага пісьма, які ў агульных рысах склаўся на пачатку ХХ стагоддзя й быў кадыфікаваны ў граматыцы Браніслава Тарашкевіча.

У шырокім сэнсе тарашкевіцаю называюць усе праявы несавецкае беларускае мовы, што ўжо ёсьць кшталтам міту.

Вячаслаў Ракіцкі: Калі ўпершыню пачалі карыстацца тэрмінам «тарашкевіца»? Жылі мы і жылі. Ведалі, што ёсьць беларуская мова. І раптам узьнікае падзел на наркамаўку і тарашкевіцу...

СПАМПАВАЦЬ КНІГУ БЕЛАРУСКІ КЛЯСЫЧНЫ ПРАВАПІС

Саўка: Тэрмін «тарашкевіца» адносна новы. Упершыню яго пачынаюць ужываць ў канцы 1980-х гадоў, на пачатку чарговай хвалі беларускага адраджэньня. Але правапіс паводле граматыкі Браніслава Тарашкевіча пачаў існаваць як мінімум з 1918 году.

Ракіцкі: А чаму насьпела ў канцы мінулага стагодзьдзя такая пільнасьць падзяліць мову на тарашкевіцу і наркамаўку? Хто быў ініцыятарам? Навошта і каму трэба было даставаць са старых шуфлядаў старую граматыку?

Саўка: Вы вэрбалізавалі яшчэ адзін міт, зьвязаны з тарашкевіцаю, — міт пра тое, што гэта мова.

Тарашкевіца — не варыянт мовы, а варыянт пісьма.

Тарашкевіца — не варыянт мовы, а варыянт пісьма, проста графіка — тое, якім чынам мы факты беларускай мовы выяўляем на пісьме, а таксама ў нейкай ступені, як мы напісанае будзем вымаўляць. Мова ж у нас адна, адзіная — беларуская. Вяртаньне да ранейшага правапіснага стандарту спатрэбілася тым, хто ўсьведамляў, што савецкі правапіс (т. зв. наркамаўка), усё ж узьнік з прычынаў палітычных. І ён ня мог задавальняць адраджэнцаў. На тое яны і адраджэнцы, каб адраджаць ранейшае, страчанае, тое, што ў нашага народу забралі.

Ракіцкі: Хто захаваў яе для нас, сёньняшніх? Ці была яна ў пісьмовым ужытку ў другой палове ХХ стагодзьдзя?

Зьміцер Саўка
Зьміцер Саўка

Саўка: Толькі такім правапісам карысталася беларуская эміграцыя. Гэтым правапісам карысталіся і ў Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гады. Толькі такім правапісам карысталася кнігавыданьне, працавала адукацыйная сыстэма ў гады вайны. Існуе вялікі корпус тэкстаў гэтым правапісам. І гэты правапіс эміграцыя данесла да нашага часу.

Ракіцкі: Тэрмін «тарашкевіца» ад самага пачатку нёс на сабе налёт міту. Ён падаваў беларускую мову як ахвяру бальшавізму, расейскай акупацыі. Нацыянальна-дэмакратычна арыентаваная грамадзкасьць падхапіла тарашкевіцу дзеля свайго змаганьня. Гэта палітычная падстава міту. А якія ўласна моўныя падставы былі для адраджэньня і нават міталягізацыі тарашкевіцы?

Саўка: Я думаю, што міталягізацыя адбылася незалежна ад уласна моўных падставаў. Гэта натуральны працэс, калі ідзе вяртаньне да ранейшага, калі адбываецца рэканструкцыя: якою магла быць Беларусь, калі б яе не апанавалі бальшавікі; таксама — як магла б разьвівацца беларуская мова, калі б не гвалтоўная русыфікацыя. І ўсё ж калі гаварыць пра ўласна моўныя прычыны вяртаньня да тарашкевіцы, гэта, несумненна, імкненьне максымальна дакладна захаваць гучаньне беларускага слова, што і дазваляе клясычны правапіс. Па-другое, максымальна дакладна, наколькі гэта магчыма сродкамі беларускай мовы, данесьці арыгінальнае гучаньне словаў-пазычаньняў.

Ракіцкі: Гэтым самым тарашкевіца выяўляла адрознасьць беларускай нацыі ад іншых славянскіх народаў?

Саўка: Мы падкрэсьліваем асаблівасьці нашай мовы тарашкевіцкім пісьмом, з аднаго боку. З другога боку, не стараемся пераўтварыць пазычаньні ва ўласныя словы. Слова павінна захоўваць сваю зыходную форму. Гэта цяпер агульны падыход у мовазнаўчай практыцы.

Ракіцкі: Той, хто ў 1990-х гадох пачаў карыстацца старым правапісам (радыё «Свабода», часопіс «Спадчына», газэта «Наша Ніва», іншыя выданьні) называлі гэты правапіс тарашкевіцаю. І раптам ён ператварыўся ў правапіс клясычны. Памятаю, як Сяргей Дубавец гэты тэрмін ужыў на судзе над моваю «Нашай Нівы». Вы разам з калегамі нават кніжку напісалі — «Беларускі клясычны правапіс». Чаму раптам? Так імгненна? Клясыка ў адзін момант не нараджаецца...

Вячаслаў Ракіцкі
Вячаслаў Ракіцкі

Саўка: Тое, што мы назвалі клясычным правапісам, сталася такім ужо ў мінулым стагодзьдзі. Нагадаю, што летась мы адзначалі 90-годзьдзе існаваньня граматыкі Тарашкевіча. Якраз для таго, каб ня блытаць правапісных праяваў мовы зь іншымі (граматычнымі, лексычнымі, сынтаксічнымі), на пачатку 1990-х увялі тэрмін «беларускі клясычны правапіс». Тэрмін узьнік, каб адрозьніваць ЛЮБЫЯ праявы несавецкай мовы ад праяваў УЛАСНА ФАНЭТЫЧНЫХ І АРТАГРАФІЧНЫХ. Рэч у тым, што ў тэрміне «тарашкевіца» ня ўтрымліваюцца словы «правапіс» і «артаграфія». І калі чалавек ня надта ў гэтых пытаньнях разьбіраецца, ён асацыюе тарашкевіцу з УСІМІ несавецкімі моўнымі праявамі. Напрыклад, можна пачуць такое цьверджаньне: «Заўзятар — гэта тарашкевіцкае слова, а балельшчык — наркамаўскае». Ні аднаго, ні другога слова за часоў Тарашкевіча не было. Балельшчык — гэта відавочна позьні русізм, а заўзятар — уласнабеларускі наватвор. Але гэта галіна лексычная, зьвязаная са слоўнікавым запасам мовы, а не зь яе графікаю, пісьмом.

Ракіцкі: Мы называем правапіс словам, утвораным ад прозьвішча аднаго, хай сабе і геніяльнага чалавека. Ці можна так? Няўжо адзін чалавек стварае правапіс? Звужу, удакладню пытаньне: ці сапраўды тарашкевіцу вынайшаў Тарашкевіч?

Саўка:

Не Тарашкевіч вынайшаў тарашкевіцу.

Не, не Тарашкевіч вынайшаў тарашкевіцу. Гэта адзін з мітаў пра тарашкевіцу: «Як пісаць па-беларуску, вынайшаў Тарашкевіч». Паказальна, што ў часе нядаўняй палемікі з нагоды пераходу газэты «Наша Ніва» на афіцыйны правапіс, шэф-рэдактар выданьня Андрэй Дынько цьвердзіў, што «Наша Ніва» ніколі не пісала тарашкевіцаю, бо тарашкевіца зьявілася ў 1918 годзе, калі «Наша Ніва» ўжо не выходзіла.

Ракіцкі: Насамрэч, дык які ўнёсак Браніслава Тарашкевіча ў тарашкевіцу? І які ўнёсак іншых навукоўцаў, літаратараў?

Саўка: У сапраўднасьці Тарашкевіч стварыў кадыфікацыйны дакумэнт, сама ж кадыфікацыя (г. зн. унармаваньне пісьма) у агульных рысах адбылася да 1918 году, калі выйшла ягоная «Граматыка да школ». На той момант на сьвет зьявіліся ўжо сотні беларускіх выданьняў (гл. даведнік «Кніга Беларусі да 1917 г.), сярод іх клясычныя, знаёмыя кожнаму са школы зборнікі Купалы, Коласа, Багдановічаў «Вянок». Няўжо ўсё гэта было напісана рунамі ці арабіцаю?! Бацькамі беларускага правапісу новай эпохі можна без сумневу лічыць Вацлава Іваноўскага і Антона Луцкевіча, якія працавалі ў двух цэнтрах беларускага руху пачатку ХХ стагодзьдзя: у Пецярбурзе — сталіцы імпэрыі, і ў Вільні — сталіцы Краю. Іваноўскі быў першым прафэсійным выдаўцом беларускіх кніг, разам з Адвардам Будзькам ён заснаваў і вёў выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца», дзе зьявіліся і купалаўская «Жалейка» (1908), і коласаўскі «Шляхам жыцьця» (1913, дарэчы, лацінкаю), пазьней у Вільні заснаваў і кіраваў Беларускім Выдавецкім Таварыствам. Антон Луцкевіч, апроч палітычнай дзейнасьці, выступіў і як лінгвіст-нармалізатар: менавіта ён аўтар і першай навучальнай граматыкі беларускай мовы, якая, праўда, засталася ў рукапісе; і першага правапіснага збору «Jak prawilna pisać pa biełarusku», які зьявіўся ў 1917 годзе. Такім чынам, Тарашкевічу было на што абаперціся й што насьледаваць.

Ракіцкі: Вельмі часта можна пачуць, што тарашкевіца рэпрэзэнтуе дыялектнае маўленьне Віленшчыны, максымум паўночна-заходняй Беларусі. Дык гэта правапіс рэгіянальны, ці усё ж агульнабеларускі?

Саўка: Гэта чарговы міт. Такія ўяўленьні пануюць сярод тых несымпатыкаў тарашкевіцы, хто не атрымаў філялягічнай адукацыі. Бо любы чалавек, што ўзяў у рукі падручнік сучаснай беларускай мовы для ўнівэрсытэтаў, я ўжо не кажу пра тых, хто здаваў такую дысцыпліну, як беларуская дыялекталёгія, — ведае: з фанэтычнага гледзішча гаворкі ад Вільні праз Маладэчна, Менск і аж да Гомля — тыя самыя. І маюць яны агульную назву — «сярэднебеларускія», яны й сталі асноваю літаратурнае мовы — хоць тарашкевіцаю пішы, хоць наркамаўкаю, але артаэпічныя нормы (г. зн. правілы вымаўленьня) беларускай лексыкі — тыя самыя.

Ракіцкі: Сярод аргумэнтаў супраціўнікаў тарашкевіцы ёсьць і такі. Маўляў, тарашкевіца рэпрэзэнтуе польскі тып вымаўленьня пазычаньняў. Ці ёсьць тут нейкая рацыя?

Саўка: Нейкая рацыя ёсьць. Але казаць, што тарашкевіца — гэта толькі палянізатарская інтрыга, нельга. Рэч у тым, што славянскія мовы маюць рысу, якая выразна адрозьнівае іх ад заходнеэўрапейскіх, — гэта наяўнасьць мяккіх параў для большасьці зычных. І калі ўзьнікае патрэба асвоіць, адаптаваць іншамоўнае слова для патрэбаў пэўнай славянскай мовы, можа паўставаць пытаньне: якім гукам, цьвёрдым ці мяккім, адлюстроўваць адпаведны гук, напрыклад, лацінскае ці нямецкае мовы? Тут трэба памятаць, што новая беларуская літаратурная мова паўставала найперш як лацінаграфічная: творы Дунін-Марцінкеваіча, Багушэвіча, «Мужыцкая праўда» Каліноўскага — усё гэта зьявілася лацініцаю. А калі браць лацініцу за аснову, то спалучэньні, напрыклад, BE, PE, DE, TE кірыліцаю трэба рэпрэзэнтаваць як БЭ, ПЭ, ДЭ, ТЭ. Таму па-беларуску зычныя ў даўніх пазычаньні гучаць цьвёрда: бэз, бэлька, вэксаль, вэрхал, мэта, сэнс, ды і ў масе ўласнабеларускіх словаў зычныя перад Э вымаўляюцца цьвёрда: сэрца, халадэча, худэрля, тэпці, вэдзгаць, квэцаць, пэцкаць. Тарашкевіч толькі замацаваў гэтую практыку ў сваёй граматыцы. У расейскай мове сытуацыя крыху іншая: там няма выразных правілаў вымаўленьня зычных у пазычаньнях, прынамсі з напісаньня не вынікае, як трэба вымаўляць — цьвёрда ці мякка. Аднак шмат у якіх словах зычны па-расейску МУСІЦЬ вымаўляцца цьвёрда: тЭмп, а ня тЕмп, сЭнсор, а ня сЕнсор, радЭо, а не радЕа. І такіх прыкладаў — тысячы. Паводле лёгікі тых, хто інкрымінуе тарашкевіцы палянізацыйны сьлед, атрымліваецца, што і расейская мова аказалася пад польскім уплывам.

Ракіцкі: Вы цяпер закранулі праблему культуры мовы. А мо сапраўды, як часам сёньня кажуць асобныя людзі, у гаротным стане беларускае мовы вінаватая тарашкевіца? Маўляў, і ад наркамаўкі адмовіліся, і тарашкевіцу не засвоілі...

Саўка: Нават не камэнтую такіх выказваньняў... Толькі заўважу, што, калі беларускамоўным прыйдзецца заставацца на маргенэсе жыцьця яшчэ зь дзясятак гадоў, то знойдуцца й такія з нас, хто зьвінаваціць ува ўсіх паразах каня на гербе «Пагоня», ці палічыць бел-чырвона-белы сьцяг сымбалем заняпаду. Як вядома, няспынныя няўдачы адбіраюць розум.

Ракіцкі: Вы пералічылі найбольш характэрныя міты несымпатыкаў тарашкевіцы, а ці маглі б Вы згадаць, якія міты ходзяць у асяродзьдзі тых, хто прымае тарашкевіцу?

Саўка: Галоўны з такіх мітаў наступны: тарашкевіца спрыяе рэфлексіі, больш прыдатная да паэтычных экзэрсісаў за наркамаўку, больш сьпеўная, больш гарманічная і г. д. Вядома, гэтыя ацэнкі выходзяць за межы лінгвістычнага, я б нават сказаў утылітарнага стаўленьня да правапісу. І заклікаў бы прыхільнікаў тарашкевіцы не містыфікаваць яе, а няпрыяцеляў тарашкевіцы — не дэманізаваць. Клясычны правапіс — гэта ўсяго толькі графічная сыстэма. Рацыянальная, вывераная сыстэма, якая мае за прынцып: «Сваё, беларускае падаваць у найбольш беларускім абліччы, а чужое, іншамоўнае — у форме, максымальна набліжанай да арыгінальнага гучаньня ў мове-крыніцы».

Ракіцкі: А ці ня ёсьць вяртаньне да тарашкевіцы і нават узьвядзеньне яе ў ранг клясычнага правапісу ўсяго толькі пошукам моўнага ідэалу?

Саўка: Пра моўны ідэал зноў-такі можна забыцца, як пра міт, створаны сымпатыкамі. Проста тарашкевіцаю трэба карыстацца. І тады вы пераканаецеся, што яна — выразная, гарманічная сыстэма.

Ракіцкі: Якое ваша стаўленьне да панацэі ад гаротнага стану беларускай мовы, выказанай Сяргеем Дубаўцом, што трэба вяртацца да лацінскага шрыфту, якім пісалі Каліноўскі, Багушэвіч, Купала?

Саўка:

Лацінскі шрыфт — будучыня беларускай мовы.

Я лічу, што лацінскі шрыфт — будучыня беларускай мовы.

Ракіцкі: Калі коратка: тарашкевіца ўсё ж сёньня міт ці рэальнасьць?

Саўка: Я б сказаў, што гэта хутчэй станоўчы міт, але людзі, якія практыкуюць тарашкевіцу, самою сваёй чыннасьцю ператвараюць яго зь міту ў рэчаіснасьць, штодзённасьць.

Ракіцкі: Працяг міталягізацыі тарашкевіцыі — працэс стваральны для нацыі, ня толькі для мовы, ці адмоўны?

Саўка: На сёньняшні дзень засталося прыгожыя міты зрабіць рэчаіснасьцю.

Ракіцкі: І як доўга будзе жыць гэты міт?

Саўка: Столькі, колькі мы будзем адсунутыя ад рэальных падважнікаў улады, ад рэальнага ўплыву на жыцьцё.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG