Грамадзкае аб’яднаньне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» абвясьціла пра пачатак грамадзкай кампаніі, якая ставіць сваёй мэтай дамагчыся перайменаваньня адной з вуліц Менску ў гонар Тадэвуша Касьцюшкі.
Як паведамляе БелаПАН, кампанія прымеркаваная да 270-годзьдзя знакамітага ўраджэнца беларускай зямлі, кіраўніка нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1794 году на тэрыторыях сучасных Беларусі, Польшчы і Літвы, ганаровага грамадзяніна Францыі, нацыянальнага героя ЗША і Польшчы.
Сябры ТБМ аформілі свае прапановы ў выглядзе электронных зваротаў у Міністэрства культуры і Менгарвыканкам. У лісьце на адрас сталічных уладаў гаворыцца, што вуліцы, якія носяць імя Касьцюшкі, ёсьць у Польшчы, Расеі, ЗША, Украіне, а таксама ў некаторых беларускіх гарадах, у прыватнасьці ў Баранавічах, Берасьці, Гародні, Нясьвіжы, Пінску. У той жа час на мапе Менску імя знакамітага беларуса да гэтага часу няма.
Міністэрству ж культуры прапанавалі абвясьціць конкурс на выраб помнікаў Тадэвушу Касьцюшку ў Менску, Берасьці, а таксама на малой радзіме знакамітага беларуса — у Косаве (Івацэвіцкі раён Берасьцейскай вобласьці). У звароце гаворыцца, што па ўсім сьвеце Касьцюшку пастаўленыя сотні помнікаў, але ніводнага — у Беларусі.
Калектыўныя звароты, падмацаваныя сабранымі подпісамі, плянуецца накіраваць адрасатам 4 лютага, у дзень нараджэньня Касьцюшкі.
На думку старшыні ТБМ Алега Трусава, гэтая акцыя «дазволіць усяму сьвету даведацца, выхадцам зь якой краіны зьяўляецца Тадэвуш Касьцюшка і што грамадзяне гэтай краіны — Беларусі — не забываюць сваіх сапраўдных герояў».