Цана нафты маркі Brent на інтэркантынэнтальнай біржы 18 студзеня на пачатку гандлёвай сэсіі апусьцілася да адзнакі ў 27,72 даляра за барэль.
Аб гэтым паведамляецца на сайце біржы.
Гэта самы нізкі ўзровень за апошнія 13 гадоў. Экспэрты зьвязваюць падзеньне коштаў на нафту з адменай санкцыяў супраць Ірану, перадае Reuters.
«Цяпер Іран можа прадаваць столькі нафты, колькі хоча, таму, каму захоча, і па той цане, па якой можа», — заявіў агенцтву дырэктар праграмы Цэнтру глябальнай энэргетычнай палітыкі Калюмбійскага ўнівэрсытэту Рычард Нэўю.
Іран мае намер неадкладна павялічыць экспарт нафты на 500 тысяч барэляў у дзень. Акрамя таго павялічыць экспарт яшчэ на паўмільёна барэляў у дзень краіна плянуе ў бліжэйшыя месяцы.