Кніга прафэсаркі Сьвятланы Марозавай «Сваёй веры ламаць не будзем...» Супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780-1839)» выйшла ў Горадні ў 2014 годзе ў выдавецтве «ЮрСаПрынт» накладам 100 асобнікаў і пакуль што застаецца малавядомай у Беларусі. Мізэрны наклад у пэўнай ступені кампэнсуе публікацыя поўнага тэксту кнігі ў інтэрнэце на сайце pawet.net
Паколькі задача любога водгуку — паставіць кнігу ў адпаведны кантэкст і вызначыць яе месца, то адразу трэба сказаць, што кніга Марозавай — унікальная, бо гэта першая праца такога кшталту ў беларускай гістарыяграфіі. Ніхто ніколі зь беларускіх гісторыкаў ня ставіў сабе за мэту вывучыць працэс супраціўленьня ліквідацыі Уніі і сыстэматызаваць сабраныя факты ў асобную манаграфію.
Сьвятлана Марозава слушна выбрала часавыя рамкі свайго дасьледаваньня — 1780-1839 гады. Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе расейскія ўлады ўніятаў не чапалі, Кацярына ІІ гарантавала ім усе правы. На захопленых тэрыторыях тады жыло каля 1 мільёну 300 тысяч чалавек, у тым ліку 900 тысяч уніятаў, аб’яднаных у 693 парафіі. Але ў 1780 годзе полацкі ўніяцкі архібіскуп Ясон Юноша Смагарэўскі, ураджэнец Ваўкавыскага павету і выпускнік Грэцкай Калегіі ў Рыме, быў абраны Кіеўскім мітрапалітам і з дазволу Кацярыны ІІ выехаў у Вільню. І якраз з гэтага часу пачалася ліквідацыя Уніі ў Расейскай імпэрыі. Працэс ліквідацыі гэтай царквы доўжыўся такім чынам 59 гадоў, і тыя паўтара мільёна ўніятаў, якія былі фармальна далучаныя да праваслаўя ў 1839 годзе, не складалі і паловы ад усёй колькасьці вернікаў, якія трапілі ў склад Расеі пасьля трох падзелаў Рэчы Паспалітае.
(Лятэнтны, а часам і адкрыты, супраціў былых уніятаў доўжыўся і пасьля 1839 году і скончыўся толькі ў 1905 годзе з апублікаваньнем царскага ўказу аб верацярпімасьці, калі ў Беларусі ў каталіцтва перайшлі 230 тысяч колішніх вернікаў Уніяцкай царквы, але расказ пра гэта — задача ўжо іншага гісторыка або іншай манаграфіі Марозавай.)
Кніга мае клясычную структуру гістарычнай манаграфіі і складаецца з уводзінаў, чатырох разьдзелаў і заключэньня. У першым разьдзеле аўтарка дае гістарыяграфічны і крыніцазнаўчы агляды, а ў трох наступных падрабязна разглядае падзеі і працэсы, што адбываліся з Уніяцкай царквой за 59 гадоў, што папярэднічалі яе забароне ў Расейскай імпэрыі.
Да зьяўленьня кнігі Марозавай былі вядомыя толькі асобныя факты пра супраціў прыняцьцю праваслаўя беларускіх вёсак, а таксама імёны асобных беларускіх сьвятароў і манахаў, якія адмаўляліся прымаць праваслаўе. З кнігі ж Марозавай мы даведваемся пра сотні такіх фактаў і сотні такіх імёнаў. Гэта вынік шматгадовай працы аўтаркі ў архівах Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны і Расеі.
Упершыню мы даведваемся імёны мучанікаў, якія загінулі за сваю веру. Гэта, напрыклад, іераманах-схімнік базыльянскага кляштару ў Лыскаве Ваўкавыскага павету старац Бацэвіч і ўніяцкі сьвятар Бараноўскі
Наогул, пералічыць усё, пра што Марозава піша ўпершыню, даволі цяжка, бо такіх фактаў процьма. Упершыню мы даведваемся імёны мучанікаў, якія загінулі за сваю веру. Гэта, напрыклад, іераманах-схімнік базыльянскага кляштару ў Лыскаве Ваўкавыскага павету старац Бацэвіч і ўніяцкі сьвятар Бараноўскі, абодва, паводле загаду біскупа Сямашкі, зьняволеныя і замучаныя голадам да сьмерці.
Даведаемся мы і дзясяткі імёнаў пакутнікаў, якія па 10-15 гадоў вандравалі па турмах і высылках у Расеі, але так і не згадзіліся зьмяніць веру. Некаторыя так і не змаглі вярнуцца на радзіму, а камусьці зь іх гэта ўдалося толькі ў 1870-80-я гады перад самай сьмерцю. Некаторыя зь іх пакінулі свае ўспаміны. Гэта настаяцель Ануфрыеўскага базыльянскага кляштару на Віцебшчыне айцец Ільля Андрушкевіч, ураджэнец Слонімскага павету манах-базыльянін з-пад Пінску айцец Ігнат Ёна Салтаноўскі і ўніяцкі сьвятар з Камянца айцец Рыгор Міцэвіч. Гэтыя тэксты, канечне, чакаюць свайго выданьня.
Рэпрэсіі супраць непакорных сьвятароў і вернікаў доўжыліся з рознай інтэнсіўнасьцю на працягу ўсіх 59 гадоў, што папярэднічалі Полацкаму сабору 1839 году, які прыняў фармальнае рашэньне пра ліквідацыю Ўніяцкай царквы. Асабліва яны ўзмацніліся ў 1830-я гады, калі, пасьля паўстаньня 1830-31 гадоў урад узяў курс на поўную ліквідацыю Уніі. Непакорных сялян і мяшчан паводле судовых і несудовых рашэньняў секлі бізунамі, саджалі ў астрогі, адпраўлялі на высылку ў Расею і Ўкраіну, аддавалі ў салдаты. Непакорных шматдзетных сьвятароў разлучалі зь сем’ямі, няволілі ў манастырскія турмы, пераводзілі ў дзякі і панамары, высылалі на аддаленыя парафіі Беларусі і ўглыб Расеі. Сьвятлана Марозава называе многія дзясяткі імёнаў і фактаў. Сярод высланых у турмы і манастыры Расеі і Ўкраіны былі айцы Якім Давыдовіч, Аўгустын Далабоўскі, Люцыян Ваяводзкі, Іосіф Нарбут, Іван Ігнатовіч, Ігант Хруцкі і многія дзясяткі іншых, манахі-базыльяне Анаклет Данілевіч, Цярэнцій Чаплінскі, Вікенцій Шуміловіч, Веньямін Абрамовіч, Вікенцій Паўлоўскі, Воцій Казакевіч, Гервасій Грынцэвіч, Арсеній Вакульскі, Ціт Ільніцкі і многія, многія іншыя.
Асабліва цікава, што ўжо пасьля фармальнай ліквідацыі Уніі, у 1839-41 гадах з прыходаў былі зьнятыя 1307 духоўных асобаў, 105 зь іх аказаліся ў турмах, многія дзясяткі высланыя ў Расею
Асабліва цікава, што ўжо пасьля фармальнай ліквідацыі Уніі, у 1839-41 гадах з прыходаў былі зьнятыя 1307 духоўных асобаў, 105 зь іх аказаліся ў турмах, многія дзясяткі высланыя ў Расею.
Упершыню Сьвятлана Марозава публікуе імёны дзясяткаў прадстаўнікоў беларускай арыстакратыі і шляхты, якія арганізоўвалі пратэсты сялян і мяшчан супраць ліквідацыі Уніі, выраблялі і раскідвалі лістоўкі (напрыклад, у Лепелі), праводзілі таемныя нарады ў Вільні і іншых гарадах, адмаўляліся пускаць праваслаўных сьвятароў у захопленыя ўніяцкія цэрквы. Сярод такіх былі маршалкі шляхты Віцебскай губэрні Шадурскі і Магілёўскай губэрні Галынскі, маршалак Полацкай шляхты Беліковіч, лагойскія графы Тышкевічы, сотні ўладальнікаў маёнткаў па ўсёй Беларусі. Паліцыя вяла за імі таемны нагляд, многія былі асуджаныя і высланыя ў Расею. Напрыклад, высланымі ў Расею аказаліся маршалкі Полацкай і Магілёўскай шляхты. У 1837 годзе за арганізацыю сялянскага пратэсту ў Дзісенскім павеце быў высланы ў Вятку шляхціц Клаўдзій Мірскі, а на год раней шляхціца Андрушкевіча за арганізацыю пратэсту ў вёсцы Гулі 9 месяцаў трымалі ў турме, а пасьля канфіскавалі маёнтак і аддалі ў салдаты.
Вядома, ёсьць у манаграфіі шэраг недахопаў і недапрацовак, у тым ліку, і даволі значных. У кнізе, напрыклад, няма імяннога і геаграфічнага паказьнікаў, што цяжка ўявіць для сур’ёзнай навуковай манаграфіі ХХІ стагодзьдзя. Шмат разоў аўтарка згадвае маршалка Полацкай шляхты Беліковча, які ў рэшце рэшт быў высланы ў Смаленскую губэрню, і пры гэтым не называе ягонага імя. Думаецца, што знайсьці імя такой значнай постаці было нескладана, як і імёны маршалкаў шляхты Віцебскай і Магілёўскай губэрняў Шадурскага і Галынскага. Не называюцца імёны і многіх іншых значных герояў і пэрсанажаў кнігі, у тым ліку ўжо згаданых мучанікаў за веру айцоў Бацэвіча і Бараноўскага. У некаторых выпадках аўтарка абыходзіцца толькі назвамі вёсак, не даючы чытачу магчымасьці зарыентавацца, у якой губэрні ці павеце падзея адбылася. Або вось аўтарка расказвае, як у 1834 годзе ў Полацак да ўніяцкага біскупа прыйшла дэлегацыя ў складзе 44 сялянаў ад некалькіх гвалтоўна навернутых на праваслаўе вёсак. Сялян, аднак, зьбілі і пасадзілі ў турму. Празь некалькі тыдняў большасьць раскаялася і была адпушчаная дадому, «акрамя дваіх — Якіма Жалудовіча зь вёскі Дварэц і Карпа Сувалкі з Довінкаў, якія «меней каяліся ў сваіх памылках». І на гэтай фразе заканчваецца глава. Аўтарцы дастаткова было напісаць, што паводле наяўных крыніц прасачыць далейшы лёс гэтых вязьняў не ўдалося, і было б значна лепш, чым такая «правіслая» ў паветры канцоўка. Ёсьць хібы і ў сыстэматызацыі сабранага матэрыялу, што прывяло да неаднаразовых паўтораў. І вядома, адзін з самых істотных недахопаў — адсутнасьць ілюстрацый. Копіі расьпісак, калектыўных лістоў пратэсту, сакрэтных данясеньняў, старонак успамінаў і іншых дакумэнтаў маглі б упрыгожыць выданьне і стаць дадатковай крыніцай інфармацыі для чытача.
Усе гэтыя недахопы, аднак, не зьніжаюць навуковую вартасьць кнігі, яе навізну і грамадзка-культурную значнасьць. Іх наяўнасьць я тлумачу фактам выхаду манаграфіі ў малавядомым выдавецтве і адсутнасьцю сур’ёзнай навуковай і стылістычнай рэдактуры. Гэта сумныя рэаліі сёньняшняга часу, калі навуковец павінен шукаць фінансаваньне для дасьледаваньняў у розных фондах, у тым ліку замежных, і выдавацца накладам 100 асобнікаў, а дзяржаве такія тэмы нецікавыя.
Калі карыстаючыся наступам ураду на Унію Рымска-каталіцкая царква Беларусі стала масава перацягваць уніятаў у лацінскі абрад, менавіта базыльяне сталі галоўнымі праціўнікамі лацінізацыі і галоўнымі абаронцамі беларускага варыянту царкоўна-славянскай мовы
Тым ня менш, кніга Сьвятланы Марозавай пераканаўча абвяргае шэраг распаўсюджаных мітаў, укаранёных расейскай гістарыяграфіяй і прапагандай. Напрыклад, расейскія гісторыкі сьцьвярджалі, што базыльяне былі галоўнай сілай палянізацыі і лацінізацыі Ўніяцкай царквы. У кнізе Марозавай прыводзяцца факты, як у канцы XVIII стагодзьдзя, калі карыстаючыся наступам ураду на Унію Рымска-каталіцкая царква Беларусі стала масава перацягваць уніятаў у лацінскі абрад, менавіта базыльяне сталі галоўнымі праціўнікамі лацінізацыі і галоўнымі абаронцамі беларускага варыянту царкоўна-славянскай мовы.
І, вядома, манаграфія гарадзенскай аўтаркі разьвенчвае міт пра «добраахвотнае ўзьяднаньне заходнерускіх уніятаў з праваслаўнай царквой» і пераканаўча паказвае на фальшывасьць формулы, выбітай на памятным мэдалі з нагоды ліквідацыі Уніі: «Отторгнутые насилием 1596 воссоедине любовью 1839». Насамрэч, Полацкі сабор 1839 году, у якім бралі ўдзел тры спэцыяльна прызначаныя для гэтага біскупы-здраднікі і 21 зломлены і падкуплены сьвятар, мала чым адрозьніваўся ад таго дзейства, якое ў сакавіку 2014 году правяла Расея ў Крыме і якое яна назвала добраахвотным рэфэрэндумам. Мяняюцца часы, але не мяняюцца сродкі, пры дапамозе якіх імпэрыя дамагаецца сваіх мэтаў: падман і фальсыфікацыя — не апошнія зь іх. Напярэдадні сабору ў Беларусь былі ўведзены дадатковыя войскі, казацкія сотні былі разьмешчаны ў найбольш нядобранадзейных вёсках і мястэчках, сам сабор 18 лютага правялі таемна, яго вынікі пачалі асьцярожна абвяшчаць празь некалькі месяцаў — менскія уніяты, напрыклад, даведаліся пра скасаваньне Уніі толькі ў верасьні 1839 году.
Ліквідацыя Уніі аказалася гвалтам над сумленьнем тысяч і тысяч людзей, якія, несучы сваю крыўду, так і адышлі на нябёсы, не дачакаўшыся справядлівасьці. Уражваюць прыведзеныя ў кнізе факты нечуванай жорсткасьці адносна непакорных уніятаў. Напрыклад, пры наварочваньні жыхароў мястэчка Дзісна ў 1799 годзе некаторыя нязгодныя былі зьбітыя неабчасанымі каламі да такой ступені, што ў іх аказаліся ўспоратымі жываты і павывальваліся кішкі. Сотні сем’яў сьвятароў, якія мелі па восем-дзсяць дзяцей, але не змаглі пераступіць праз сваё сумленьне, аказаліся выкінутымі на волю лёсу, на голад і холад.
Сабраныя Сьвятланай Марозавай факты ствараюць карціну магутнага цывілізацыйнага і культурнага злому, які адбыўся ў Беларусі ў першай палове ХІХ стагодзьдзя. Уніяцкую царкву абслугоўвалі сотні мастакоў, скульптараў, кампазытараў і музыкантаў-арганістаў, якія, як і іх творы, пасьля ліквідацыі Уніі аказаліся нікому не патрэбныя. Каля 1000 старадаўніх арганаў былі зьнішчаныя, тысячы скульптураў і абразоў былі спаленыя, у агні загінулі і тысячы беларускіх кніг. Беларусь менавіта тады была цывілізацыйна пераарыентаваная з Захаду на Ўсход.
Ва ўмовах значнай палянізацыі шляхты менавіта ўніяцкае сьвятарства, дробная ўніяцкія шляхта і мяшчане маглі стаць апірышчам і базай для фармаваньня беларускай нацыі ўжо ў ХІХ стагодзьдзі. І менавіта ліквідацыю Ўніяцкай царквы сур’ёзныя дасьледчыкі, напрыклад, польскі гісторык Марыян Радван, якога цытуе Марозава, называюць асноўнай прычынай запозьненага нацыятворчага працэсу ў Беларусі і адставаньня беларусаў у нацыянальным разьвіцьці ад усіх суседзяў.
Пакуль яшчэ неасэнсаваная беларускім грамадзтвам гэтая цывілізацыйная катастрофа дазваляе назваць ліквідацыю Ўніяцкай царквы забойствам беларускага народу ці, прынамсі, спробай такога забойства, якая, на шчасьце, не ўдалася. Бяда толькі ў тым, што спрычыненае ёю калецтва народнай душы застанецца з намі назаўсёды.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.