Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Даніэла» ўдвая павялічыла колькасьць дарожных аварыяў


Але дарожнага каляпсу ў Беларусі ня здарылася.

Ад пачатку наступу цыклёну «Даніэла» на Беларусь на дарогах краіны колькасьць аварыяў вырасла ўдвая.

Людзкіх ахвяраў няма, толькі матэрыяльныя страты для аўтаўладальнікаў. Пра гэта Свабодзе паведаміла старшы інспэктар па асаблівых даручэньнях ДАІ РБ Ганна Ванадык:

«Складанасьць у тым, што сьнег працягвае ісьці, але на гэты момант пра цяжкія наступствы аварыяў зьвестак пакуль няма. Бясьпечная хуткасьць па горадзе сёньня 9–15 кілямэтраў за гадзіну. І тыя, хто едзе з такой хуткасьцю — не за дваццаць хвілін, але за гадзіну дабіраюцца да месца.

Дарожныя і камунальныя службы ў меру сваіх сіл працягваюць чысьціць дарогі, асаблівая ўвага — да Берасьцейскай, Менскай і Магілёўскай абласьцей, дзе ўведзены плян „Надвор’е“. Супрацоўнікі ДАІ скіраваныя на дапамогу кіроўцам, асабліва на загарадных трасах. І ўжо ранкам у розных месцах яны выштурхоўвалі аўтамабілі, якія загрузьлі на засьнежаных узбочынах. Таму заклікаем да разуменьня кіроўцаў і пешаходаў, спадзяёмся на іх асаблівую ўважлівасьць і асьцярожнасьць. У нас ёсьць дарожна-вымяральныя станцыі, і яны паказваюць, што надзвычайнай сытуацыі на дарогах пакуль няма. Ніякага дарожнага каляпсу ня здарылася».

«Даніэла» не спалохала Нацыянальны аэрапорт

Тым часам, як паведамілі ў Нацыянальным аэрапорце, сёньня затрыманыя два рэйсы: у Кіеў і Абу-Дабі, адменены рэйс у Франкфурт. Аднак, паводле прадстаўніка прэсавай службы, гэта зьвязана з рашэньнем кампаніі, а не з цыклёнам «Даніэла». У астатнім аэрапорт працуе ў звычайным рэжыме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG