Па дадзеных агенцтва DPA, паліцыя атрымала каля 90 скаргаў, сярод якіх, прынамсі, адна заява аб згвалтаваньні. Усе выпадкі меркаваных нападаў адбыліся ў раёне галоўнага чыгуначнага вакзалу і знакамітага Кёльнскага сабору.
Шэф мясцовай паліцыі Вольфганг Альбэрс прыводзіць сьведчаньні жанчын аб тым, што мужчыны, якія іх дамагаліся, былі зь ліку сотняў людзей, якія бяз мэтаў бадзяліся каля вакзалу, паводле зьнешнасьці якіх можна было сказаць, што яны з Паўночнай Афрыкі і з арабскіх краінаў.
Сярод палітыкаў ужо гучаць думкі, што ня варта бяздоказна вінаваціць у тым, што адбылося, усіх мігрантаў. З адпаведнай заявай выступіла, у прыватнасьці, прадстаўніца Партыі зялёных Клаўдыя Рот.
Паводле скаргаў жанчын распачатае расьсьледаваньне. У пятніцу былі затрыманыя пяцёра падазраваных. Пра мэра Кёльна Генрыэту Рэкэр СМІ шмат пісалі ў кастрычніку. У пэрыяд выбарчай кампаніі на Рэкэр напалі з нажом — у сувязі зь яе пазыцыяй у абарону ўцекачоў.