Госьця Свабоды — беларуская сьпявачка Марыя Лагацкая-Зіміна, якая цяпер жыве і працуе ў Расеі. Марыя пачынала музычную кар’еру ў гурту народнай песьні «Бяседа», у 1993 годзе заняла другое месца на фэстывалі беларускай песьні ў Маладэчне. Больш за дваццаць гадоў Марыя жыве ў расейскім Санкт-Пецярбургу і сьпявае ў м’юзыклах у тэатрах Масквы і Санк-Пецярбургу. Марыя нарадзілася ў Менску. Яе бабуля — беларуская акторка тэатру і кіно Аляксандра Зіміна, маці — беларуская сьпявачка Аляўціна Зіміна, а бацька Аляксандр Цяцюха — гукарэжысэр. Як беларуская школа народных сьпеваў дапамагае ў ролях у м’юзыклах, і ці магчымае вяртаньне на беларускую сцэну — пра гэта ды іншае Ганна Соўсь гутарыць з Марыяй Лагацкай-Зіміной.
Ганна Соўсь: Марыя, чаму так склаўся лёс? Чаму вы пакінулі Беларусі і пераехалі ў Расею? Наколькі спрыяльная для артысткі, сьпявачкі расейсая сцэна ў параўнаньні зь беларускай? Ці не шкадуеце вы пра гэты выбар.
Марыя Лагацкая-Зіміна: Не магу сказаць, што я шкадую, што зьехала зь Беларусі. Канечне, я сумую па Радзіме, па цудоўнай беларускай краіне. Вельмі люблю беларускія песьні, і шкада, што мова мая засталася толькі ў песьнях. Размаўляць стала складана па-беларуску, але мову люблю, краіну сваю памятаю і заўсёды з задавальненьнем на сваіх канцэртах сьпяваю беларускія песьні. У Пецярбургу вельмі шмат беларусаў, часта сустракаю сваіх землякоў, кантактую зь імі. У Пецярбургу проста болей магчымасьцей для мяне адкрылася. Я пачынала як эстрадная сьпявачка, я цяпер у мяне зьявілася шчасьлівая магчымасьць рэалізаваць сябе ў жанры м’юзыкла яшчэ і як акторка. Мая бабуля Аляксандра Зіміна была акторкай, а маці Аляўціна Зіміна сьпявачкай, таму ўва мне і акторскае
і вакальнае дараваньне жылі і цяпер атрымалася іх удала сумясьціць.
Ганна Соўсь: Вы скончылі ў Беларусі музычную вучэльню імя Глінкі, сьпявалі першапачаткова народныя песьні ў гурту «Бяседа». Наколькі гэтая школа, пастаноўка голасу, якую вы атрымалі ў Беларусі, дапамаглі ў працы на сцэне, ў ролях у м’юзыклах?
Марыя Лагацкая-Зіміна: Гэта была вельмі добрая пастаноўка голасу. У нас была пэдагог-наватар Іна Пячоркіна, цяпер яна Іна Манышава, цяпер яны жыве не ў Беларусі, але мы зь ёй кантактуем праз інтэрнэт. Яны была тады маладым пэдагогам, і на нас ставіла экспэрымэнты. Мы былі ў яе першым курсам, зь якога яна пачынала навучаньне. Яе пастаноўка голасу заключалася ў наступным. Аснова народнага вакалу — гэта адкрыты гук, але аснова эстрадна-джазавага вакалу — таксама адкрыты гук. І раней у «народнікаў» была такая пастаноўка голасу, якую яны маглі выкарыстоўваць толькі ў выкананьні народных песень і фальклору. А Іна Манышава дала нам магчымасьць пастаноўкі голасу, які можа быць вельмі мабільным. Я спакойна пераключаюся на эстрадна-джазавы вакал, я спакойна сьпяваю рамансы (не клясычны, а гарадзкі раманс). І канечне, я захавала магчымасьць сьпяваць народныя песьні. Можа быць, каб я разьвівалася толькі ў «народным» кірунку, магчыма, мне было б больш складана ў эстрадна-джазавай манеры сьпяваць. Першапачаткова я сябе пазыцыянавала ня толькі як «народніца», у Беларусі я пачала выконваць эстрадныя песьні на беларускай сцэне, на конкурсе «Маладэчна-93» другое месца калісьці заняла з эстраднымі кампазыцыямі. На шчасьце, мая пастаноўка голасу дала магчымасьць мне цяпер мець практычна брадвэйскую манеру выкананьня. Для мяне было нечакана пачуць, калі нас выбіралі на м’юзыкал «Чаплін» (гэта м’юзыкал, які ставіла брадвэйская каманда), і калі я пачала сьпяваць, мне сказалі, што ў мяне абсалютна брадвэйская манера выкананьня. Так што ніжэйшы паклон Іне Манышавай за тое, што беларускі фальклор аказаўся настолькі блізкі да брадвэйскай манеры выкананьня. Гэта вялікае шчасьце.
Ганна Соўсь: А калі параўноўваць з расейскай школай выкананьня, ці яна такая ж? Ці мелі вы перавагі?
Марыя Лагацкая-Зіміна: Ёсьць розныя школы, але ёсьць агульнае разуменьне эстрадна-джазавага вакалу, альбо м’юзыклавай манеры выкананьня. Гэта вакальная тэхніка, заснаваная на эстрадна-джазавым вакале, адкрыты гук, але пры гэтым магчымасьць хутка пераходзіць з вакалу на размовы, ізноў вяртацца да вакалу без асаблівых зьменаў ў галасавым апараце. Гэта насамрэч вельмі яркае і цікавае выкарыстаньне голасу.
Ганна Соўсь: Раскажыце больш падрабязна пра м’юзыклы, у якіх вы сьпяваеце?
Марыя Лагацкая-Зіміна: М’юзыклы цяпер у Пецярбургу вельмі запатрабаваныя гледачамі, паколькі яны прадугледжваюць вельмі шырокую мэтавую аўдыторыю. Мне, на шчасьце, выпала праца ў брадвэйскім м’юзыкле «Чаплін».
На жаль, ён закрыўся, скончылася ліцэнзія. Два гады мы з гэтым м’юзыклам жылі, на яго вельмі добра хадзілі гледачы. Гэта вельмі інтэлігентная і стыльная пастаноўка брадвэйскай каманды. За яго мы атрымалі «Залатую маску», атрымаў спэктакль, галоўны герой — Чаплін, якога грае Яўген Зайцаў, і я таксама атрымала «Залатую маску» за галоўную жаночую ролю ў гэтым м’юзыкле. Цяпер я ўдзельнічаю ў двух праектах. Вельмі моцны праект расейскіх аўтараў «Майстар і Маргарыта» паводле твору Булгакава. Гэта цалкам расейская пастаноўка — ад музыкі, лібрэта да кастынгу актораў, у ім сьпяваюць акторы Масквы і Санкт-Пецярбургу. Гэтая ж прадусарская кампанія паставіла м’юзыкал «Анегін», у якім мне пашанцавала ўдзельнічаць. У м’юзыклу «Майстар і Маргарыта» я выконваю Гелу, служанку Воланда. Але ў нас ў яе пашыраная гісторыя, яна кахае Воланда паводле нашай вэрсіі, і вельмі раўнуе яго да Маргараты.
У нас ёсьць любоўны трохкутнік, Гела пры канцы гіне ад сваіх пачуцьцяў. Вельмі цікавая трактоўка. Спачатку была дастаткова спрэчная для мяне, паколькі твор Булгакава іншы, Воланд ў прынцыпе, напэўна ня здольны на моцныя пачуцьці. А ў нас ён кахае Маргарыту, чым вельмі незадаволеная Гела.
У м’юзыклу «Анегін» я выконваю ролю маці Тацьцяны і Вольгі. У мяне невялікая роля, але яна характарная, цікавая. Я вельмі рада, што ролі мне трапляюцца розныя і мяне раскрываюць па-новаму для мяне самой.
Ганна Соўсь: Мы пачалі гаварыць пра тое, што дала вам Беларусь. Ваша бабуля — знакамітая тэатральная акторка Аляксандра Зіміна, якая амаль усё жыцьця грала на сцэне менскага Рускага тэатру, ваш бацька ўсё жыцьцё працаваў на тэлебачаньні і ў кіно гукарэжысэрам, ваша маці дагэтуль сьпявае. Што вы ад кожнага зь іх узялі ў творчасьці?
Марыя Лагацкая-Зіміна: Безумоўна, ад бабулі акторскае дараваньне і пачуцьце радасьці жыцьця. У мяне бываюць моманты, як ва ўсіх нас, ня вельмі вясёлыя. Мая бабуля была вялікая жыцьцялюбка.
Яна пражыла 102 гады, і нават пасьля 90 гадоў жыла з пачуцьцём напоўненасьці жыцьцём. Ад маці я атрымала вакальныя дадзеныя і музычны слых, хаця і бабуля сьпявала. Па бацьку ў мяне была бабуля, якая вельмі добра сьпявала беларускія песьні. Я, на жаль, яе ня ведала. Я думаю, што ад яе крыху генаў я таксама прыхапіла. Бацька мне вельмі шмат даў. Бацька са сваім праўдалюбствам вельмі шмат атрымаў нядобрых рэчаў за савецкім часам. Вельмі любіў «міма нашай партыі» выказвацца Я таксама часта выказваю сваё меркаваньне ці пажаданьні, якія не падыходзяць кіраўніцтву...
Ганна Соўсь: Зараз кар’ера ваша разьвіваецца ў Расеі. Ці зьвязваеце вы свой творчы лёс зь Беларусьсю? Ці думалі, што можаце нешта і на беларускай сцэне зрабіць?
Марыя Лагацкая-Зіміна: Калі б мяне запрасілі, я бы з задавальненьнем прыехала, таму што, канечне, я сумую па беларускіх песьнях. У «Бяседу» я бы з задавальненьнем вярнулася з нейкім сумесным праектам. Магчыма, маглі бы быць цікавыя праекты і на тэатральнай сцэне. Калі бы мяне ўспомнілі і запрасілі, я бы прыехала. Увогуле можна і з гастролямі прыехаць на родную зямлю. Прадусар патрэбны добры. Будзем шукаць у Менску добрага прадусара.