«Як зьмянілася эканамічная сытуацыя ў Беларусі за мінулы год — палепшылася ці пагоршылася? Як ставіцеся да словаў Лукашэнкі пра тое, што 2016 год для беларусаў стане самым складаным за ўсю гісторыю краіны?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.
Інжынэр, выпускнік Беларускага ўнівэрсытэту транспарту: «Сытуацыя, вядома, пагоршылася. Працоўных месцаў стала менш. Заробкі ўпалі, складана працу знайсьці. Людзі вучацца ва ўнівэрсытэтах на інжынэра, у тэхнікумах вучацца, а працуюць шараговымі працаўнікамі. Працы стала менш і плацяць менш. Горш стала. З кожным годам становіцца цяжэй, і без яго слоў гэта зразумела».
Маладая жанчына: «Па-мойму, стала нават крышачку горш — цэны вырасьлі, а заробак — на месцы. Добра, што Лукашэнка папярэджвае пра цяжкасьці. Гэта не хаваецца, каб людзі падрыхтаваліся. Вядома, мы перажываем на гэты конт».
Гамяльчук у гадах: «Мяркуючы па тым, колькі даводзіцца цяпер плаціць за транспарт, камунальныя паслугі, і, улічваючы, што многія прадпрыемствы ў Гомелі стаяць ці людзей адпусьцілі на 2-3 тыдні ў адпачынак за свой кошт, то казаць, што эканамічная сытуацыя ніяк не зьмянілася, нельга. Яна пагоршылася даволі значна. Лукашэнка заяўляе, што нас чакаюць цяжкасьці. Яго словы гэтым разам выклікалі вельмі сур’ёзную трывогу. Падобна да таго, што нам пагражае крытычны абвал».
Пэнсіянэрка, маці траіх дачок: «Мы прывыклі задавольвацца малым. Усё добра за кошт таго, што ў мяне добрыя дзеці. Дзеці дапамагаюць. Сталі горшымі прадукты, якасьць іх горшая, і менш іх — гэта я заўважыла. Хочацца, вядома, каб хлеб быў смачнейшым і таньнейшым. Што кажа Лукашэнка, з тым я заўсёды пагаджаюся. Але я ня чула, што будзе цяжка. Жыцьцё — гэта заўсёды цяжкая праца».
Рабочы са стажам: «Пагоршылася ў паўтара разы — эканоміка ў нас не разьвіваецца. І ў наступным годзе будзе яшчэ горш, як казаў Аляксандар Рыгоравіч».
Маладая жанчына: «Мяркую па жыцьці, пагоршылася — абсалютна ва ўсім! Заробкі, жыцьцё людзей увогуле. І што з таго, што ён сказаў? Разумею, што яму лепей бачна. Але пажывем — пабачым».
Малады спэцыяліст: «Працы асаблівай няма, многіх звальняюць альбо ў адпачынак за свой кошт выпраўляюць. Бацькі цяпер дома сядзяць. Залежыць усё ў нас ад суседзяў, ад Расеі. Там нафта, і цяпер яна таньнее. Расея падае, і мы разам зь ёю».