Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Можна сказаць, адбылася перазагрузка». Новая старшыня «Зялёных» пра будучыню партыі


Анастасія Дарафеева
Анастасія Дарафеева

На X зьезьдзе Беларускай партыі «Зялёныя» актывісты абралі новую старшыню: Анастасія Дарафеева прыйшла на месца Алега Новікава (таксама вядомага як Лёлік Ушкін), які ўзначальваў партыю з 2007 году. Самі «Зялёныя», раней вядомыя як «Зялёны сьвет», існуюць як партыя ў Беларусі ад 1994 году, ад 2008-га маюць статус сябра-назіральніка ў Эўрапейскай партыі зялёных.

Анастасія Дарафеева ў партыі зь 2009 году, але, паводле яе словаў, спачатку «проста назірала, што адбываецца ў партыі», і ўжо апошнія тры гады вяла актыўную працу з фармаваньнем моладзевага крыла партыі, займаліся збольшага адукацыйнымі задачамі. Паводле прафэсіі журналістка, цяпер фрылянсэрка.

«Першае, што я хацела б падкрэсьліць, што само паняцьце зьмены кіраўніка для такой партыі, як «Зялёныя», ня вельмі карэктнае, — тлумачыць Свабодзе Дарафеева. — На самой справе, пасада кіраўніка ў нас даволі намінальная, бо мы арыентаваныя на прыняцьцё супольных рашэньняў. Значна больш важным за асобу кіраўніка ёсьць склад Цэнтральнай рады. Можна сказаць, што адбылася перазагрузка арганізацыі.

Гістарычна асноўнымі рухавікамі зялёных партыяў у Эўропе былі прадстаўнікі экалягічнага руху і прадстаўнікі розных рухаў і ініцыятываў, блізкіх да зялёных ідэяў, а гэта фэмінісцкія рухі, розныя гендэрныя арганізацыі, антываенныя рухі, антыатамныя арганізацыі... Тое, што мы намагаемся цяпер зрабіць у Беларусі, гэта выбудаваць партыю зьнізу. Ня тое, што ёсьць нейкае кіраўніцтва партыі, і яно зьвяртаецца да мэтавых групаў, а тое, што самі групы прыходзяць і займаюцца стварэньнем партыі.

Пакуль у Беларусі, як і на постсавецкай прасторы, «Зялёных» успрымаюць як больш экалягічны рух, чым партыю, што мае сацыяльны падмурак. Але гэта далёка ня толькі пра экалёгію. Акрамя экалёгіі, тэмамі партыі будуць сацыяльныя пытаньні. Калі цяпер паглядзець на новы склад Цэнтральнай рады, то ў ёй ёсьць прадстаўнікі значнай часткі грамадзкіх аб’яднаньняў і ініцыятываў, якія займаюцца практычнай дзейнасьцю ў сваёй сфэры. Цяпер гэтыя людзі дайшлі да той ступені, калі гатовыя аформіць сваю пазыцыю і вывесьці яе ў палітычную плоскасьць.

Найважнейшая задача, што цяпер стаіць перад новай радай, гэта перафармуляваньне таго, якой будзе партыя, яе ідэалягічных установаў, яе праграмы.

Галоўная дзейнасьць у бліжэйшыя год-два будзе скіраваная больш у сярэдзіну, чым на нейкія зьнешнія працэсы. Але звычайна, [парлямэнцкія] выбары ігнараваць наўрад ці давядзецца. Па іх я ня маю паўнамоцтваў казаць, якая будзе пазыцыя, — гэта будзе вырашаць рада. На пачатку новага году будзе паседжаньне, дзе можа абмяркоўвацца і гэтае пытаньне. Пасьля плянуем зрабіць прэс-канфэрэнцыю, на якой больш афіцыйна абвесьцім напрамкі працы на наступны год.

Але ў першую чаргу ў наступным годзе ў нас будзе тэма 30-годзьдзя Чарнобылю, гэтую сумную гадавіну мы хочам скарыстаць, каб нагадаць, што ў Беларусі будуецца атамная электрастанцыя. Хочам паказаць, што існуе альтэрнатыва, што мы можам мець не базаваную на АЭС цэнтралізаваную энэргетыку, а можам перайсьці да сцэнару, па якім ужо працуюць эўрапейскія краіны. Акрамя таго, што гэта пытаньне ўплыву на экалёгію, гэта яшчэ і пытаньне дэцэнтралізацыі энэргетычнай сыстэмы.

Ёсьць напрацоўкі па транспартнай палітыцы. Дакладна будзем працаваць у бліжэйшы час з тэмай гендэрнай роўнасьці ў шырокім сэнсе паняцьця. Хацелі б зьвярнуць увагу на рост узроўню нянавісьці і ксэнафобіі ў грамадзтве, які зьяўляецца вынікам інфармацыйнай вайны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG