У twitter ужываньне хэштэгаў становіцца ўсё папулярнейшым. Хэштэгі дазваляюць карыстальнікам зьвязаць нейкую тэму ў адно ключавое слова, якое можа прыцягнуць увагу тысяч людзей па ўсім сьвеце.
Беларускія хэштэгі ў 2015 годзе таксама пабачылі сотні тысяч чалавек.
#пагоняпобач.
Гэты хэштэг быў створаны ў падтрымку кадэтаў Ястрабельскай вучэльні, якія апублікавалі фота ў майках з «Пагоняй». Ініцыятары заклікалі публікаваць уласныя фота з «Пагоняй» і распавядаць пра сваё стаўленьне да нацыянальнага герба. Акцыя нарабіла столькі шуму, што кадэтаў ня выключылі з вучэльні, а фота з гербам «Пагоня» дагэтуль гуляюць па інтэрнэце.
#norussianbaseinbelarus
Як толькі пачаліся чуткі, што Расея можа разьмясьціць свае вайсковыя базы ў Беларусі, карыстальнікі сеціва адразу вывелі ў топы адмысловы хэштэг супраць расейскіх базаў. Да акцыі далучыліся і ўкраінцы. У Менску нават прайшоў сход супраць базаў і што дзіўна: празь некалькі дзён Лукашэнка выступіў па ТБ і сказаў, што расейскія базы нам не патрэбныя.
#ТаК
Гэты хэштэг актыўна выкарыстоўваўся ініцыятыўнай камандай Тацьцяны Караткевіч на прэзыдэнцкіх выбарах. Яна і сама ўжывала яго ў сваіх твітах Падчас галасавньня, ён выйшаў у беларускі топ twitter, бо пад ім людзі посьцілі свае бюлетэні з голасам за Караткевіч.
#25sakavika
Традыцыйны хэштаг на Дзень Волі. Яго выкарыстоўваюць як у twitter, так і ў іншых сацыяльных сетках. Сам Дзень Волі адзначыўся вялікай колькасьцю бел-чырвона-белых сьцягоў і людзьмі ў вышыванках.
#сход
Мікалай Статкевіч у верасьні правеў народны сход, прысьвечаны абмеркаваньню вынікаў дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі. Людзей выйшла сапраўды шмат, а у сацыяльных сетках, як заўсёды, сотні людзей абмяркоўвалі гэтую акцыю пад адмысловым хэштэгам.
#ПридумайНалогДляБеларуси
«Лукашэнку трэба увесьці падатак на падатак». Так беларускія карыстальнікі twitter прапаноўвалі прэзыдэнту ідэі новых падаткаў. Гэты флэшмоб беларусы распачалі ў адказ на дэкрэт «аб дармаедах».
#freebelarusian
Беларусы імгненна распачалі кампанію салідарнасьці з беларусам Кірылам Сілівончыкам, які быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня з Расеі за допісы ў падтрымку Ўкраіны. Карыстальнікі twitter, facebook і vkontakte выкарыстоўвалі гэты хэштэг каб разьнесьці інфармацыю і заклікаць людзей пісаць лісты падтрымкі Кірылу.
#agl29
Больш чым 7 гадзінаў Лукашэнка даваў прэсавую канфэрэнцыю прадстаўнікам беларускіх і замежных мэдыяў. Усе самыя сьмешныя цытаты і жарты беларусы разьмяшчалі пад адмыслова створаным хэштэгам #agl29.
#нобельразам
Пакуль беларускае ТБ ігнаравала першую беларускую Нобэлеўскую ляўрэятку, у сацыяльных сетках быў запушчаны флэшмоб «Святкуем Нобэля разам». Відэатрансьляцыю выступу Сьвятланы Алексіевіч можна было паглядзець на вялікіх экранах у папулярных клюбах, кавярнях.
#караткевіч85
Пад гэтым хэштэгам беларусы адзначалі 85 гадоў з дня нараджэньня пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. Яны разьмяшчалі цытаты, фота і відэа народнага пісьменьніка Беларусі.