Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Gallup: Рэйтынг Парашэнкі ніжэй за рэйтынг Януковіча напярэдадні Эўрамайдану


Паводле дасьледаваньня, праведзенага сацыялягічнай службай Gallup, цяперашні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка карыстаецца меншай папулярнасьцю ў насельніцтва, чым яго папярэднік Віктар Януковіч напярэдадні Эўрамайдану.

Правёўшы ва ўладзе больш за год, Парашэнка атрымаў адабрэньне ўсяго толькі ў 17% украінцаў. Gallup нагадвае, што рэйтынг Парашэнкі адразу пасьля абраньня ў 2014 складаў 47%. Рэйтынг Януковіча ў 2013 годзе перад Эўрамайданам — 28%.

Нізкі рэйтынг Парашэнкі, тлумачыць сацыялягічная служба, адлюстроўвае расчараваньне ўкраінцаў у сваім лідэры. Многія лічаць, што яму не ўдалося выканаць патрабаваньні ўдзельнікаў Эўрамайдану: эканоміка краіны ўвесь час у заняпадзе, Расея далучыла Крым, а канфлікт на ўсходзе краіны каштаваў ужо больш за 9 тысяч жыцьцяў суродзічаў.

Апытаньне было праведзенае службай Gallup ў ліпені і жніўні сёлета на тэрыторыі ўсёй Украіны, за выключэньнем Данецку і Луганску. У ім узяла ўдзел тысяча украінцаў ва ўзросьце ад 15 гадоў.

Высьветлілася, што Парашэнка не карыстаецца папулярнасьцю у ніводным з рэгіёнаў краіны.

Менш за ўсё (1 з 10 апытаных) яго дзеяньні ўхваляюць на поўдні і ўсходзе краіны. У цэнтральных і паўночна-заходніх рэгіёнах краіны ў Парашэнкі 21%-22% прыхільнікаў (Януковіч меў іх там 20% у 2013 годзе).

Прыблізна такія самыя пачуцьці ўкраінцы маюць і адносна ўраду, які яны крытыкуюць за павольны тэмп рэформаў. Паводле Gallup, ураду на чале з Арсенем Яцанюком цяпер давярае толькі 8% украінцаў — у 2014 годзе ўзровень даверу складаў 24%. Пэўная частка недаверу зьвязаная з тым, што ўкраінцы ня бачаць асаблівага прагрэсу ў барацьбе з карупцыяй: 88% апытаных заяўляюць аб карупцыі ва ўрадзе і 81% — аб карупцыі ў бізнэсе.

19% рэспандэнтаў лічаць, што ўлады вядуць краіну ў правільным кірунку, і 65% лічаць, што кіраўніцтва Ўкраіны памыляецца. Gallup адзначае, што гэта яшчэ не найгоршыя паказьнікі ў гісторыі краіны: падчас эканамічнага крызісу 2009 году толькі 5% украінцаў верылі ў правільнасьць курсу, абранага ўладамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG