Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі году. Супярэчлівыя альтэрнатывы апазыцыі


Прэзыдэнцкія выбары выявілі крызіс і глыбокі раскол апазыцыі. У чым прычыны гэтых працэсаў? Як ацаніць палітычныя вынікі кампаніі «Гавары праўду»? Ці варта апазыцыі ўдзельнічаць ў недэмакратычных выбарчых кампаніях?

Удзельнікі: палітоляг Юрый Чавусаў і галоўны рэдактар часопісу «Архэ» Валерка Булгакаў.

У чым прычына расколу апазыцыі?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч: «Крызіс апазыцыі выявіўся найперш у тым, што ёй не ўдалося дамовіцца ня толькі пра адзінага кандыдата, але і пра адзіную стратэгію падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Здаецца, ніколі раней апазыцыя не была так расколатая, як цяпер. Ніколі раней не было такіх вострых супярэчнасьцей паміж апазыцыйнымі структурамі. Не было такога, каб падчас прэзыдэнцкіх выбараў апазыцыя вяла барацьбу ня столькі з рэжымам Лукашэнкі, колькі паміж сабой, у прыватнасьці, супраць Тацяны Караткевіч і кампаніі „Гавары праўду“. У чым прычыны такога расколу?»

Юрый Чавусаў
Юрый Чавусаў

Юрый Чавусаў: «Ужо на пачатку 2015 году было зразумела, што адзінага кандыдата ад усёй апазыцыйнай супольнасьці ня будзе. Але быў спадзеў, што магчыма вылучэньне кандыдатаў ад двух кааліцый: „Талака“ і „Народны рэфэрэндум“. Аднак у выніку ад кааліцыі „Талака“ пайшлі два кандыдаты: Лябедзька і Калякін. А ад кааліцыі Народны рэфэрэндум» на фінішы засталася толькі кампанія «Гавары праўду» і яе кандыдатка Тацяна Караткевіч.

Урок 2015 году палягае ў тым, што моцнымі могуць быць толькі кааліцыі, грунтаваныя на каштоўнасьцях. А сытуатыўныя аб’яднаньні, заснаваныя на бягучых інтарэсах, не прыводзяць нават да тактычнай еднасьці, яны распадаюцца ў самыя важныя моманты«.

Карбалевіч: «Любыя кааліцыі могуць быць толькі тактычнымі. На глебе каштоўнасьцяў людзі аб’ядноўваюцца ў партыі. А аб’яднаньне партый з рознымі каштоўнасьцямі апрыёры можа быць толькі сытуацыйным, тактычным».

Чавусаў: «Ёсьць супольныя каштоўнасьці для дэмакратычных арганізацый, якія могуць аб’ядноўваць партыі з рознымі ідэалёгіямі. Вось, напрыклад, ідэя свабодных, дэмакратычных выбараў можа аб’яднаць розныя арганізацыі».

Карбалевіч: «Вы лічыце, што ідэя дэмакратычных выбараў — гэта каштоўнасьць?»

Чавусаў: «Так, гэта прынцып».

Пра крызіс апазыцыі

Валерка Булгакаў
Валерка Булгакаў

Валерка Булгакаў: «Размовы пра крызіс у апазыцыі я чую гадоў 15, калі ня болей. Гэта тлумачыцца тым, што беларуская апазыцыя слабая і ўвогуле ніяк не ўплывае на палітыку.

Але адрозьненьне цяперашніх выбараў у тым, што найбуйнейшыя гульцы не змаглі сабраць неабходныя 100 тысяч галасоў. Гэта, найперш, тлумачыцца вонкавым чыньнікам. Беларусы былі напужаныя гвалтоўнымі, крывавымі зьменамі на Ўкраіне, якія яны праектавалі на Беларусь.

Варта пагаварыць пра кампанію „Гавары праўду“, Дзьмітрыева і Караткевіч. Парадокс у тым, што апазыцыйны кандыдат ня ставіў мэту кардынальнай ломкі існага рэжыму. Ён быў гатовы інтэгравацца ў існуючыя палітычныя структуры. І пасьлявыбарная актыўнасьць Караткевіч, якая ходзіць на сустрэчы ў Палату прадстаўнікоў, гэта пацьвярджае. Я сумняваюся, што падобныя паводзіны адпавядаюць таемным чаканьням апазыцыйнага электарату.

Я думаю, яны сталі інструмэнтам камунікацый паміж Захадам і рэжымам Лукашэнкі. Захад цяпер ня ставіць мэтай дэмантаж аўтарытарных рэжымаў. І кампанія „Гавары праўду“ ўлавіла каньюнктуру і адпрацоўвае палітычную замову».

Фэнамэн кампаніі «Гавары праўду»

Карбалевіч: «Сапраўды, найбольшыя жарсьці ў апазыцыйным асяродзьдзі выклікала дзейнасьць кампаніі „Гавары праўду“ і кандыдата ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч. Насамрэч, той канцэпт, які яны прапанавалі, гэта новая зьява ў апазыцыі. Гэта адмежаваньне ад іншых апазыцыйных структур, курс на „мірныя перамены“, спроба дыстанцыявацца ад радыкальных лёзунгаў і дзеяньняў. Вось спадар Булгакаў лічыць, што яны імкнуцца інтэгравацца ў палітычную сыстэму.

Зноў жа, спадар Булгакаў лічыць, што дзейнасьць кампаніі „Гавары праўду“ не адпавядае чаканьням апазыцыйнага электарату. Але ж, паводле сацыялягічных апытаньняў інстытуту Гэлапа, Караткевіч набрала падчас выбараў 19% галасоў. Гэта, прыкладна, адпавядае узроўню падтрымкі апазыцыі ў Беларусі.

І ўвогуле, можа, цяпер гэта як раз тое, што адпавядае масавым настроям? Бо пасьля ўкраінскага Майдану вулічныя акцыі пратэсту ня надта прымаюцца грамадзтвам. Людзі хочуць пераменаў, але не рэвалюцыйных, а мірных, эвалюцыйных. Ці ёсьць пэрспэктыва ў такой тактыкі?»

Кампанія Караткевіч была ўдалай на старце. Падазраю, што значная частка тых 19% людзей, якія падтрымалі яе, галасавалі не за „мірныя перамены“, а за жанчыну.

Чавусаў: «Найперш, хацеў бы зазначыць, што тактыка „Гавары праўду“ ня ёсьць нешта новае. Падобную лінію на дыялёг з уладай праводзіў у 2010 годзе кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч, які хадзіў па райвыканкамах і сустракаўся з чыноўнікамі. Таксама Ляўковіч прапануе ладзіць такую палітыку.

Кампанія Караткевіч была ўдалай на старце. Падазраю, што значная частка тых 19% людзей, якія падтрымалі яе, галасавалі не за „мірныя перамены“, а за жанчыну.

І ўвогуле можна спрачацца наконт абгрунтаванасьці лёзунгу „За мірныя перамены“. Бо ў Беларусі няма сур’ёзных арганізацый, якія б выступалі за гвалтоўныя перамены. Але гэта ўдала трапіла на тыя настроі, якія зьявіліся ў Беларусі пасьля ўкраінскіх падзеяў.

Пэрспэктывы Тацяны Караткевіч

Аднак падкрэсьленае адасабленьне ад іншых апазыцыйных арганізацый адыграла злы жарт з кампаніяй „Гавары праўду“. Яна кансалідуе апазыцыю супраць сябе. Падаецца, што традыцыйная апазыцыя „зьесьць“ Караткевіч.

Выклікае вялікае сумненьне пэрспэктыўнасьць таго падыходу, які дэманструе Караткевіч. Яна таксама апынулася ў той сфэры, дзе пра мірныя перамены даўно кажуць бацька і сын Гайдукевічы і іншыя падобнага кшталту палітыкі».

Трэба пахваліць Дзьмітрыева і Караткевіч за тое, што яны спрабуюць, як гэта ні абсурдна гучыць, зрабіць беларускую палітыку палітычнай.

Булгакаў: «З аднаго боку, трэба пахваліць Дзьмітрыева і Караткевіч за тое, што яны спрабуюць, як гэта ні абсурдна гучыць, зрабіць беларускую палітыку палітычнай. Тыя інструмэнты і мэтады барацьбы, якія традыцыйна ўжывала апазыцыя, не далі выніку ў пляне прасоўваньня Беларусі на рэйкі заходніх каштоўнасьцяў. Папярэднія прэзыдэнцкія кампаніі заканчваліся масавымі арыштамі, эміграцыяй дэмакратычных актывістаў. Пазытыўны вынік сёлетніх выбараў, што гэтага не было. А зь іншага боку, за кампаніяй „Гавары праўду“ ніхто не стаіць. Гэта звычайная апазыцыйная патрон-кліенцкая група.

Вось вы кажаце пра 19%, якія атрымала Караткевіч. Безумоўна, гэта дасягненьне. Але, зь іншага боку, у падтрымку Караткевіч працавала вялікая закулісная машынэрыя. І на фоне ўкладзеных рэсурсаў, прарыву не адбылося. Караткевіч атрымала столькі ж, колькі мінулымі выбарамі і іншыя апазыцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты: Ганчарык, Мілінкевіч, Саньнікаў».

Чавусаў: «Паводле маіх назіраньняў, кампанія Караткевіч была вельмі мала фінансаваная, безграшовая, амаль валянтэрская. Думаю, што, як гэта адбывалася і падчас папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў, цяпер кіраўнікі кампаніі „Гавары праўду“ ставілі задачу здабыць лідэрства ў дэмакратычных сілах. Можна казаць, што гэтую задачу яны выканалі. Іншыя апазыцыйныя структуры гэтае лідэрства аспрэчваюць. І я ня бачу, як Караткевіч і кампанія можа разьвіць тыя дасягненьні, якія здабытыя падчас гэтых выбараў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG