Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Рубцова пра здароўе мужа і лягерныя ўмовы: Як не захварэць, калі тут блытаюцца дзень і ноч?


Ядвіга Рубцова
Ядвіга Рубцова

Былога беларускага палітвязьня Юрыя Рубцова, які папрасіў прытулку ў Нямеччыне, перавялі ў Нюрнбэргу з адной мэдычнай клінікі ў другую для абсьледаваньня. Супрацоўнік сацыяльнай службы са спасылкай на лекараў паведаміў сябрам жонкі Юрыя Ядвігі, што стан здароўя Рубцова стабілізаваўся. У другой палове дня 15 сьнежня карэспандэнту Свабоды ўдалося дазваніцца на мабільны тэлефон Ядвігі Рубцовай.

«Ляжыць у шпіталі. Сказалі, што нічога жахлівага няма, абсьледуюць. Дыягназу пэўнага не назвалі — абсьледуюць. Разьлічваю сёньня яго наведаць, калі патэлефануе жанчына, якая ўмее размаўляць па-нямецку. Мы зь ёй пойдзем да Юрыя, калі пусьцяць. А сама я мужа з учорашняга дня, як яго забралі ў шпіталь, ня бачыла і не размаўляла зь ім. У клініку, дзе ён цяпер ляжыць, а гэта ўжо іншая клініка, ня ўчорашняя, званілі сацыяльныя супрацоўнікі з нашага лягеру. Там ім сказалі, што ў яго здароўе ўжо лепш», — паведаміла Ядвіга Рубцова.

Паводле сьведак у лягеры для ўцекачоў, якія бачылі Юрыя Рубцова перад тым, як яго забрала хуткая дапамога, у яго былі прыкметы, якія ўласьцівы рэзкаму абвастрэньню хваробы сэрца. Але сама Ядвіга Рубцова гэтага ня бачыла, бо ў той момант знаходзілася ў горадзе. Што на думку Ядвігі Рубцовай магло стаць прычынай пагаршэньня здароўя яе мужа?

У нашым пакоі 8 ложкаў, на 6 квадратных мэтрах. Я з мужам і яшчэ 6 чалавек у адным пакоі

«На сэрца ён раней ня скардзіўся, але збольшага тут такія ўмовы, што магло здарыцца нешта і з сэрцам — перажываць ёсьць з-за чаго. Вось жывем тут нібыта ў асобным пакоі, але гэта толькі словы. Насамрэч гэта не пакой, а адсек, мы ад іншай залі адгароджаны перагародкай, якіх тут шмат. У нашым пакоі 8 ложкаў, на 6 квадратных мэтрах. Я з мужам і яшчэ 6 чалавек у адным пакоі. Але самае дрэннае, што тут няма дня ці ночы, усё пераблытана. Адны сьпяць, другія ходзяць, трэція размаўляюць. Спаць нармальна немагчыма. Нядаўна купілі бярушы дык пачалі крыху спаць, але ўсё роўна гэта ненармальны сон. На Юры гэта магло сказацца. Яшчэ бракуе чалавечых кантактаў. У лягеры некалькі соцень уцекачоў, але толькі чалавек 30 рускамоўныя — ёсьць з Азэрбайджану, з Чачні, а зь Беларусі толькі мы ўдвох. Большасьць з Сырыі, зь Іраку, шмат афрыканцаў. Тыя, хто працуюць у лягеры, гавораць толькі па-нямецку, нават не па-ангельску. Як мне, дык зусім нікога не зразумець. Я ўжо ў роспачы, навошта сюды прыехалі, нічога ўжо ня ведаю. Хаця і дома заставацца было ніяк, бо працы нідзе не даюць, як жыць — невядома», — падзялілася праблемамі Ядвіга Рубцова.

Паводле Ядвігі Рубцовай, інфармацыя пра тое, што яе муж у шпіталі, якая зьявілася ўчора ў беларускіх незалежных мэдыях, дапамагла скантактавацца зь беларусамі, якія жывуць у Нюрнбэргу. «Спадзяюся, зь іх дапамогай нешта ўдасца зрабіць. Вялікі ім дзякуй!», — перадала Ядвіга Рубцова.

У кастрычніку былы палітвязень Юры Рубцоў і ягоная жонка Ядвіга прыехалі ў Франкфурт, дзе падалі заявы на атрыманьне ў Нямеччыне палітычнага прытулку. Да пераводу ў Нюрнбэрг Рубцовы пабывалі ў некалькіх лягерах для ўцекачоў. Паводле Ядвігі Рубцовай, вырашэньня пытаньня пра прытулак ім давядзецца чакаць да чэрвеня наступнага году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG