Уладзіміру Пуціну і іншым вышэйшым афіцыйным асобам Расеі «пастаўлены дыягназ»: «хада стралка зь Дзікага Захаду».
Пра гэта піша The Times, спасылаючыся на навуковы артыкул у калядным нумары часопісу British Medical Journal, дзе асьвятляюцца даследаваньні на «незвычайныя і пацешныя тэмы, якія, аднак, павінны прайсьці звычайную працэдуру экспэртнай ацэнкі» — адзначае брытанская газэта.
Мэдыкі зьвярнулі ўвагу, што на відэазапісах Пуціна заўважная «відавочна звужаная амплітуда узмахаў правай рукі» пры хадзе — што можа быць раньнім сымптомам хваробы Паркінсана. Аднак экспэрты палічылі, што ў выпадку Пуціна спэцыфічная хада — хутчэй за ўсё вынік вывучкі ў КДБ.
Вывучыўшы відэаролікі на YouTube, навукоўцы заўважылі, што абмежаваная размашыстасьць правай рукі назіраецца таксама ў прэм’ера Дзьмітрыя Мядзьведзева, экс-міністраў абароны Сердзюкова і Іванова, а таксама ў генэрала Анатоля Сідарава.
Іваноў служыў у КДБ, а ў Сердзюкова «вайсковае мінулае», адзначае газэта. Хада Мядзведзева, паводле здагадкі навукоўцаў, «тлумачыцца тым, што ён навучыўся пераймаць начальніка».
Навукоўцы назвалі такую манеру рухацца «хадою стралка зь Дзікага Захаду» і выказалі здагадку, што яна фармуецца, калі курсантаў трэніруюць «хадзіць, трымаючы правую руку блізка да грудзей, каб пры сустрэчы з праціўнікам хутка выцягнуць зброю».