Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы патрабуюць спыніць перасьлед журналіста Алесіна, які ўжо «год вісіць на нітачцы»


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

За былога журналіста газэты «Беларусы і рынак», вядомага вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна заступіліся лідэры ўплывовых праваабарончых арганізацый Беларусі — Вясны, БХК, БАЖ, камітэту «Салідарнасьць» ды іншыя. Усяго ў калектыўным звароце да ўладаў аўтары заклікалі спыніць перасьлед 8 пэўных чалавек і некалькі арганізацый і мэдыяў.

Больш за год таму, 10 сьнежня 2014 году, Аляксандр Алесін быў вызвалены са сьледчага ізалятара КДБ, дзе адбыў у «адзіночцы» 21 дзень. Журналіста абвінавацілі ў шпіянажы і завялі на яго крымінальную справу, якую дагэтуль не закрылі.

«Артыкул зьмянілі на „сувязь з замежнымі спэцслужбамі“. А першапачаткова была „здрада Радзіме ў выглядзе шпіянажу“. Я лічу, што гэта неабгрунтаванае абвінавачваньне. Я не парушаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у маіх матэрыялах няма ніякай сакрэтнай інфармацыі ці дзяржаўнай таямніцы. Усё ўзята з адкрытых крыніц», — распавядаў Аляксандр Алесін па выхадзе з турмы КДБ.

І праз год журналіст застаецца пад сьледзтвам, хаця ніякія сьледчыя дзеяньні зь ім даўно не вядуцца.

«Мяне даўно нікуды не выклікаюць, не дапытваюць. Ведаю толькі, што справа спыненая, але не закрытая цалкам. Ёсьць спадзяваньні на тое, што часткі артыкулу, паводле якога завялі маю справу, увогуле выключаць з Крымінальнага Кодэксу, нібыта падрыхтаваны адпаведны указ, але гэта ўсё ніяк не вырашаецца. Таму працягваю „вісець на нітачцы“, бо фармальна я пад сьледзтвам і застаюся невыязны з краіны. Гэта вельмі непрыемна, а пра час у турме ня хочацца нават згадваць», — пракамэнтаваў сытуацыю Аляксандр Алесін.

Аўтары калектыўнага звароту да беларускіх уладаў таксама патрабуюць «спыніць перасьлед графіцістаў Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага, Вячаслава Касінерава і Яраслава Ўльяненкава, палітыка Алеся Міхалевіча, а таксама перагледзець у адкрытым судовым працэсе крымінальную справу ў дачыненьні да Міхаіла Жамчужнага (заснавальніка праваабарончай арганізацыі „Плятформа інавэйшн“). Зьняць судзімасьці для аднаўленьня грамадзянскіх і палітычных правоў у дачыненьні да былых палітвязьняў.» Таксама праваабаронцы патрабуюць зьняць забарону на ўезд у краіну беларускай праваабаронцы Алене Танкачовай і «гарантаваць бясьпечныя ўмовы вяртаньня ў Беларусь асоб, якія вымушана пакінулі краіну ў выніку палітычных перасьледаў».

Чаму ў звароце ня згадваецца імя другога сузаснавальніка «Плятформы інавэйшн», былога праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, які працягвае адбываць пакараньне ў калёніі ў Шклове?

Старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі патлумачыў Свабодзе, што справа Андрэя Бандарэнкі знаходзіцца на кантролі, але патрабуе дадатковага збору інфармацыі:

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

«Адносна Міхаіла Жамчужнага нядаўна для нас зьявіліся неаспрэчныя доказы таго, што ягоную справу сфабрыкавалі спэцслужбы, таму стала магчымым лічыць яго палітвязьнем і патрабаваць як меней новага галоснага працэсу. У справе Бандарэнкі пакуль іншая сытуацыя, такіх доказаў пакуль ня знойдзена, але гэта ня значыць, што мы не трымаем яе на кантролі. Справа Андрэя Бандарэнкі застаецца пад нашай ўвагай, як застаецца патрабаваньне да адміністрацыі калёніі спыніць ціск на яго і забясьпечыць яму нармальныя ўмовы», — сказаў Алесь Бяляцкі.

Лідэры праваабарончых арганізацый тлумачаць, што крокі, якіх яны дамагаюцца ад ўладаў, можна правесьці хутка, паколькі яны не патрабуюць зьменаў у дзейныя законы. У тым ліку праваабаронцы заклікаюць спыніць перасьлед журналістаў «Белсат» і «Беларускае радыё «Рацыя», іншых журналістаў, матэрыялы якіх зьяўляюцца ў замежных СМІ, і не перашкаджаюць ажыцьцяўленьню іх прафэсійнай дзейнасьці ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG