Прынамсі на такую думку наводзяць некаторыя камэнтары на сайце Свабоды, тыя «стрэлы нянавісьці», якія выпускаюцца ў мішэнь-Алексіевіч безь ніякіх шанцаў даляцець да мэты.
Нават не магу прыгадаць роўнага выпадку, калі б згоду і нязгоду выклікала ня столькі асоба ляўрэата і характар пісьма, колькі знакі часу, маркеры чалавека і балявыя кропкі сьвету. Мы спрачаемся пра «чырвонага чалавека», «русский мир», лукашэнкаўскі аўтарытарызм і тыя маральныя і псыхалягічныя эпідэміі, што працягваюць гуляць на прасторы Зямлі, пра граблі, граблі і яшчэ раз граблі. Мяняецца матэрыял, зь якога яны зробленыя, колер і кошт, але наступаць на іх ад гэтага беднае чалавецтва не перастае.
Ёсьць, вядома, і тыя, хто пускае «стрэлы нянавісьці» ў талент пісьменьніцы і ў яе «нелітаратурную» прозу, але ў параўнаньні з азначанымі тэмамі гэтыя выпады зусім ужо нікчэмныя, як пакусваньні сябе самога ад злосьці на кагосьці.
Глыбіня і маштаб тэмаў робіць гэтую прэмію ня столькі прыватнай адзнакай канкрэтнага таленту, колькі самастойнай падзеяй, што здольная ўплываць на лёс краіны, рэгіёну і народаў, якія жывуць тут.
Чыста па адчуваньнях, Алексіевіч зрабіла сябе як нобэліста сама. Гэта і вялізная праца, і ўнікальная здольнасьць фармаваць сытуацыю і прастору вакол сябе і свае творчасьці. У гэтым сэнсе Алексіевіч таксама цяжка параўнаць з кім-небудзь зь яе папярэднікаў.
Выбар ляўрэата стварыў новую сытуацыю для постсавецкай культуры, для расейскай літаратуры, а найперш для беларускай мовы і культуры. Мы быццам застылі ў думаньні пра іх на гэтыя 20 гадоў, а Нобэль саштурхоўвае думку зь мёртвае кропкі. Бо стала ясна, што лёс мовы і культуры цалкам залежыць толькі ад нас – тых, хто адчувае за іх адказнасьць. Роля дзяржавы ва ўсім гэтым перастала быць фатальнай. Магутны інструмэнт, які мы атрымалі, можна ўжыць як для самагубства, так і для разьвіцьця – парадаксальных зьменаў сытуацыі да лепшага.
Цяпер усім, хто не абыякавы да лёсу беларушчыны, нашмат прасьцей будзе прадстаўляць яе ў сьвеце і выклікаць інтарэс да краіны, яе культуры і літаратуры. Нашмат прасьцей, чым суседзям-украінцам ці суседзям-літоўцам і прадстаўнікам яшчэ 150 краін. І моўнае пытаньне тут будзе акурат на 150-м месцы, бо ў сьвеце толькі нязначная колькасьць эліт чытае па-расейску ці па-беларуску. А таго, што гэта прэмія Беларусі, беларусам і беларускай культуры і літаратуры, не аспрэчыць ніхто. Нават мы самі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.