Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За мяжой кошты на энэрганосьбіты зьніжаюцца, у Беларусі — растуць


Што даражэе ў Беларусі зь 1 сьнежня
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:39 0:00
Наўпроставы лінк

Што даражэе ў Беларусі зь 1 сьнежня

Пастановай Савету Міністраў ад 30 лістапада ў Беларусі павялічаныя кошты на шэраг камунальных паслуг. А менавіта — на прыродны і звадкаваны газ, на электрычную і цеплавую энэргію для ацяпленьня і гарачага водазабесьпячэньня. Тарыфы вырасьлі ад 1 сьнежня.

Чаму ў той час, як на сусьветным рынку кошты на энэрганосьбіты зьніжаюцца, для шэраговых беларусаў яны ўзрастаюць? І гэта ў сытуацыі, калі рэальныя заробкі ў Беларусі ўжо некалькі месяцаў запар падаюць? Эканаміст Міхась Залескі называе гэта выдаткамі савецкай сыстэмы гаспадараньня ў краіне:

Міхась Залескі
Міхась Залескі

«Мы жывем у межах савецкай сацыялістычнай эканомікі, і ў гэтых межах падвышэньне коштаў абсалютна абгрунтаванае. У сацыялістычнай сыстэме няма альтэрнатыўных прадпрыемстваў — і мы аплочваем працу неэфэктыўных прадпрыемстваў. Што тычыцца тэзаў адносна падвышэньня тарыфаў да ўзроўню аплаты сабекошту паслугаў, то ў Паўночнай Карэі да гэтага ўзроўню кошты падвышаюцца ўжо пры ўнуках лідэра, а ў нас яшчэ і дзеці не пакіравалі. Таму заканчэньню гэтага працэсу ня бачна канца».

Эканаміст і палітык Леў Марголін мяркуе, што непразрыстасьць і адсутнасьць канкурэнцыі падавальнікаў камунальных паслуг — адна з прычынаў росту коштаў:

Леў Марголін
Леў Марголін

«Падвышэньне коштаў на газ, цеплавую і электрычную энэргію, а таксама на ўсе іншыя камунальныя паслугі ў нас адбываецца ва ўмовах адсутнасьці канкурэнтнага асяродзьдзя на падаваньне гэтых паслуг, а таксама ва ўмовах непразрыстасьці фармаваньня коштаў. І гэта ня лепшыя ўмовы для таго, каб аб’ектыўна ацаніць іх праўдзівасьць і апраўданасьць. Калі адпаведныя ўладныя структуры заяўляюць, што насельніцтва кампэнсуе толькі дваццаць ці трыццаць адсоткаў затрат, то мы ня ведаем, ці гэта адпавядае рэчаіснасьці, бо невядома, паводле якіх разьлікаў кошты фармуюцца. Мы ня можам быць упэўненыя, што ў сабекошт гэтых паслугаў ня ўкладзеныя затраты на ўтрыманьне футбольных клюбаў, падвышаныя заробкі чыноўнікам і гэтак далей. І спраўдзіць гэта мы ня маем ніякай магчымасьці. Для таго каб ацаніць эканамічную абгрунтаванасьць росту тарыфаў, неабходна ісьці шляхам эканамічных рэформаў: канкурэнтнага асяродзьдзя і адкрытага фармаваньня коштаў на паслугі. Магчыма, тады не спатрэбілася б і падымаць тыя кошты».

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

Эканаміст Леанід Злотнікаў таксама перакананы, што адна з прычынаў — грувасткая і немадэрнізаваная сыстэма выпрацоўкі і падачы цеплавой і электрычнай энэргіі:

«Што плаціць за электрыку, цяпло і іншыя камунальныя паслугі неабходна ў поўнай меры, то гэта так, бо гэта скажае эканамічныя адносіны. Зь іншага боку, калі ў суседніх краінах камунальныя паслугі і не панізіліся, то і не падвысіліся, а бэнзін, да прыкладу, стаў таньнейшы. Дык вось, зьніжэньне цэнаў на энэрганосьбіты мала закранула беларускую эканоміку ў параўнаньні зь іншымі краінамі таму, што мы і так атрымлівалі гэтыя энэрганосьбіты па ніжэйшых коштах. Акрамя таго, выпрацоўка электрычнасьці ў нас больш затратная, чым у замежных краінах, бо шмат якія электрастанцыі не пераведзеныя на сучасныя тэхналёгіі, больш стратная сыстэма перадачы электраэнэргіі, гарачай вады па састарэлых сыстэмах, а гэта ўсё трэба таксама аплочваць. Таму перадусім неабходна мадэрнізаваць сыстэму энэргазабесьпячэньня, якая б зьмяншала яе стратнасьць. Таму з эканамічнага пункту гледжаньня стан рэчаў з энэрганосьбітамі ў нас не паляпшаецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG