Вольга Бабкова нарадзілася ў Менску ў 1961. Гісторык-архівіст, літаратар. Сябра ПЭН-цэнтру. Працуе кіраўніком літаратурна-драматургічнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы і архівістам Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі. Аўтарка некалькіх апавяданьняў і кнігі эсэяў па гісторыю штодзённасьці ВКЛ «...І цуды, і страхі» (Менск, 2010), а таксама шэрагу навуковых артыкулаў і эсэяў. Ляўрэатка літаратурнай прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру (2010). Адна са складальнікаў зборніка дакумэнтаў «Тастамэнты шляхты і мяшчанаў Беларусі другой паловы XVI ст.» (Менск, 2012).
1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Падабаецца сам працэс. Значыць, для сябе.
2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?
Месца асабліва не мае значэньня. Каб толькі паўстала неадольнае жаданьне). Калі ўдома, то пры шчыльна завешаных шторах і зачыненых дзверах.
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
«Бог дробязяў» Арундаці Рой.
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Шоша з раману «Шоша» І. Б. Зінгера.
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Архан Памук, Міхась Стральцоў, Марыя Вайцяшонак, Павал Гюле, Вольга Такарчук, Таццяна Сапач, Восіп Мандэльштам... Гісторыкі Жак Ле Гоф, Натальля Якавенка.
6. Што вы цяпер чытаеце?
Нядаўна прачытала Джанатана Літэла «Благоволительницы», перачытваю «Дзьве душы» Максіма Гарэцкага, пачынаю раман «Доля праўды» Зыгмунта Мілашэўскага, пляную Мераба Мамардашвілі. Вучу на памяць вершы: Мандэльштама, Багдановіча, Сапач...
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
Польская, украінская. Старабеларуская і стара(сярэдня)польская (узору 16-17 ст.) — зразумела, не замежныя, але рэдкія.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
Аповед «Крумкач і Франка». Але кніжку «...І цуды і страхі» таксама люблю.
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
Хацелася б стаць аўтарам-«тапаграфістам» «свайго» Менску. З падрабязнасьцямі рэальнымі і ўяўнымі. З гэткай «рухомай» мапай каханага гораду.
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?
У восеньскім лесе ля вогнішча, ну, ці проста ля вогнішча.