Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Беларусі былі непразрыстымі, — даклад ПАРЭ


Belarus - Presidential election. Early voting at polling station 15,20, Minsk, 8Okt2015
Belarus - Presidential election. Early voting at polling station 15,20, Minsk, 8Okt2015

Працэдура падліку галасоў і правілы працы назіральнікаў на выбарчых участках у Беларусі павінны быць значна палепшаныя, каб павялічыць давер да выбараў.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы кіраўніка місіі назіральнікаў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэха Дэнэміча, апублікаваным на сайце ПАРЭ.

У дакумэнце, які цытуе БелаПАН, адзначаецца, што прадстаўнікі асамблеі знаходзіліся ў Беларусі зь 9 па 12 кастрычніка. Яны сустрэліся з кандыдатамі ў прэзыдэнты або іх прадстаўнікамі, старшынёй ЦВК, кіраўніком назіральнай місіі АБСЭ, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, міжнародных арганізацыяў і СМІ.

У дзень галасаваньня назіральнікі ПАРЭ наведалі шэраг выбарчых участкаў у Менску, Берасьці, Барысаве і бліжэйшых раёнах.

Як адзначаецца ў справаздачы, міжнародная назіральная місія, куды акрамя прадстаўнікоў ПАРЭ ўваходзілі назіральнікі ад Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, прыйшла да высновы: Беларусі яшчэ трэба будзе прайсьці значны шлях выкананьня сваіх абавязацельстваў па правядзеньні дэмакратычных выбараў.

«У дзень галасаваньня выбарцы маглі свабодна зрабіць свой выбар у прысутнасьці шматлікіх мясцовых і міжнародных назіральнікаў, — гаворыцца ў справаздачы. — Аднак працэс падліку галасоў павінен быць значна палепшаны. Выбары не абмяжоўваюцца толькі днём галасаваньня, таму Беларусь павінна палепшыць заканадаўчыя рамкі правядзеньня выбараў, каб гарантаваць стварэньне канкурэнтаздольнага палітычнага асяродзьдзя, што зьяўляецца адной з ключавых умоваў для доўгатэрміновай дэмакратычнай стабільнасьці ў краіне».

У дакладзе згадваюцца зьмены, унесеныя ў Выбарчы кодэкс у 2013 годзе, якія забаранілі заклікаць да байкоту выбараў. «У цэлым прававыя рамкі былі ацэненыя пасьля папярэдняй выбарчай кампаніі як такія, што не гарантуюць правядзеньне выбараў у адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі, — падкрэсьліваецца ў дакумэнце. — Многія людзі, з якімі прадстаўнікі ПАРЭ сустракаліся, казалі пра тое, што, нягледзячы на дэманстраваную ўладамі гатоўнасьць разгледзець рэкамэндацыі БДІПЧ АБСЭ, папраўкі, унесеныя ў выбарчае заканадаўства пасьля выбараў 2012 году, не ўлічылі ні адну з ключавых рэкамэндацыяў, якія тычацца збалянсаванасьці складу выбарчых камісій або працэсу датэрміновага галасаваньня».

У справаздачы таксама падкрэсьліваецца, што ў краіне ўсё яшчэ няма адзінага рэестра выбарцаў, а сьпісы складаюцца на падставе зьвестак, прадстаўленых мясцовымі ўладамі.

Дэнэміч адзначае, што значная частка вышэйшых службовых асобаў з выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу і рэсурсаў грамадзкіх арганізацыяў праводзіла агітацыю за дзейнага прэзыдэнта. Пры гэтым толькі міністар працы і сацыяльнай абароны, якая ўзначальвала перадвыбарчы штаб Лукашэнкі, брала адпачынак на час агітацыйнай кампаніі.

Дзейны прэзыдэнт не скарыстаўся сваім правам на выступы па тэлебачаньні і радыё, а таксама ня ўдзельнічаў у дэбатах з трыма іншымі кандыдатамі на прэзыдэнцкі пост, адзначаецца ў дакумэнце.

Падкрэсьліваецца, што назіральнікам на участках згодна з нормамі Выбарчага кодэксу не дазваляецца набліжацца да сябраў камісіі для праверкі сьпісаў і подпісаў выбаршчыкаў. Сябрам назіральнай місіі ПАРЭ ў шэрагу выпадкаў не дазволілі знаходзіцца побач са сталамі, на якіх вёўся падлік галасоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG