Завяршаючы гэты трыпціх пра цывілізацыю (тут і тут) – адзіную сёньня для ўсяго чалавецтва, на другім полюсе якой барбарства і рэгрэс, мушу адкрыць тайну – чаму гэта пісалася.
Вы, напэўна, і самі заўважалі, што многія людзі ў Беларусі жывуць так, быццам ніякага развалу СССР не было ў паміне, яны па-ранейшаму савецкія людзі, а сталіца «нашей родины» – там, дзе й была, у Маскве. Грае расейскі «Спартак» – «наши дуют», дзеткі на Дзень маці ў беларускай гімназіі пяюць пра «родные невские мосты», «Крым мы отжали правильно», «наш Пётр І» таксама любіў насіць валёнкі, ну і наогул, «все мы русские люди, положа», так бы мовіць, «руку на сердце».
Вы скажаце, мэдыйная ілюзія? Так. Але людзі жывуць у ёй, як у рэальнасьці. Ілюзіяй яны ўспрымаюць незалежную краіну Беларусь. Якая яна краіна? Рэспубліка. Таму і мова, і сымболіка, і незалежніцкая рыторыка былі прыбраныя з вачэй у першую чаргу – бо не адпавядалі вобразу той самай БССР. Таму і ўлада татальна рускамоўная і кадры – «з усяго саюзу». Таму і ўсе гэтыя садружнасьці з Расеяй – каб адпавядалі вобразу СССР, які працягвае па-ранейшаму горда супрацьстаяць натаўскай ваеншчыне. І Захад па-ранейшаму загнівае, але ўжо ня ў сэнсе татальных крызісаў-беднасьці, а толькі ў сэнсе маральнага разлажэньня. Бо пабачыць там беднасьць складана. Бывалі мы ў іхных крамах. Разлажэньне пабачыць ня менш складана. Але хто іх там ведае, што яны робяць у сваіх кватэрах. Узбуджаны розум, само сабой, малюе карціны садому і гаморы…
На рэфэрэндуме за захаваньне СССР 17 сакавіка 1991 году станоўча прагаласавала больш за 76% грамадзян. Ну не хацелі яны ніякага іншага працягу гісторыі. Таму гісторыя пайшла сваёй дарогай, а яны засталіся жыць у ілюзіёне, за які галасуюць дагэтуль. Як бы савецкі завод і калгас, савецкая абслуга, савецкія школа і паліклініка, савецкая культура і наглядная агітацыя. Знайшоўся, ім на радасьць, той, хто круціць гэтае кіно.
Усё новае – паездкі ў Польшчу і Літву, хуткасныя цягнікі, ворд оф тэнкс, вайна ў Данбасе, баксы, сеціва … Гэта ўсё як бы ёсьць, але як бы і няма. Ня так і важна, на сваім вакзале бачыў той цягнік ці ў кіно.
Недатыкальнасьць прыватнага жыцьця, кантроль (твой!) над заробкамі чыноўнікаў, прыватная ўласнасьць на зямлю, а ўрэшце – свабода і правы чалавека… Ну ня так моцна і хацеў гэтага савецкі чалавек. Ён гэтага і не атрымаў. Уф-ф-ф, пранесла міма перамен, а то шокавыя тэрапіі ўсякія…
Ілюзія таго, што мы па-ранейшаму жывем у СССР, стала пераможным козырам Лукашэнкі на першых выбарах. На падтрыманьне гэтае ілюзіі апошнія 20 гадоў ідуць аграмадныя бюджэтныя сродкі. Першыя месцы тут займаюць тэлевізар, «працоўныя калектывы» і самая вялікая ў сьвеце паліцыя.
Разьмяшчаецца ілюзія ў мазгах чалавека, у тым адсеку, дзе «карціна сьвету». Менавіта яе, гэтую карціну, пішуць галюцынагеннымі фарбамі тэлевізар, ідэолягі і АМОН. Там чаго толькі ня знойдзеш з заваляшчых савецкіх экспанатаў – і Вялікую Перамогу, і вялікую кітайскую цывілізацыю, і вялікі «русский мир». Але найперш, натуральна, там – варожы Захад. Чаму, каму і, галоўнае, навошта варожы? На гэта ёсьць мноства адказаў, прапагандысты спаборнічаюць за выдумляньне новых. Зрэшты, усё новае тут – добра забытыя Кукрыніксы.
Наш час увойдзе ў гісторыю Беларусі як эпоха Вялікай Ілюзіі. Некалі яна скончыцца і, як заўсёды, раптам. Надта шмат навалена, каб не абвалілася. Помніце тыя злавесныя словы? А цяпер… Запрашаем у рэальнасьць!!!
Разьвітаньне з ілюзіямі бывае лёгкім толькі ў дзяцінстве.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.