Расея пагражае ўвесьці больш сур’ёзныя меры адносна Беларусі, якая ігнаруе яе просьбы абмежаваць пастаўкі малака зь пяці прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць сыравіну з трэціх краін.
Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Рассельгаснагляду.
«Рассельгаснагляд вымушаны канстатаваць факт невыкананьня рэкамэндацый службы адносна ўвядзеньня з боку Беларусі самаабмежаваньняў на пастаўку прадукцыі зь пяці малочных прадпрыемстваў», — заявіла ТАСС прэс-сакратар Юлія Мэлана.
У зьвязку з гэтым ведамства прыме ўсе меры, каб не дапусьціць на рынак РФ небясьпечнай беларускай прадукцыі, падкрэсьліла яна. Больш падрабязна пра меры супраць Беларусі Рассельгаснагляд паведаміць пазьней.
Як паведамляецца на сайце Рассельгаснагляду, 25 лістапада з ініцыятывы беларускага боку ў Маскве прайшлі перамовы намесьніка міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Васіля Півавара з намесьнікам кіраўніка Рассельгаснагляду Мікалаем Уласавым.
Півавар перадаў расейскаму боку матэрыялы пра прынятыя меры адносна малочных прадпрыемстваў, на якіх Рассельгаснагляд выявіў шэраг грубых парушэньняў. Беларускі бок паведаміў, што гэтыя прадпрыемствы ўлічылі патрабаваньні расейскага боку. Надалей кожная партыя малочнай прадукцыі для паставак у Расею будзе праходзіць татальны лябараторны маніторынг.
Падчас сустрэчы беларускі бок выказаў сваю заклапочанасьць верагоднай фальсыфікацыяй прадукцыі на тэрыторыі Расеі пад вядомыя беларускія брэнды.
20 лістапада Рассельгаснагляд паведаміў вэтэрынарнай службе Беларусі пра тое, што неабходна абмежаваць пастаўкі пяці прадпрыемстваў па вытворчасьці гатовай малочнай прадукцыі і васьмі рыбаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Інспэкцыя Рассельгаснагляду пацьвердзіла незаконнае выкарыстаньне беларускімі вытворцамі сыравіны з забароненых расейскім ведамствам прадпрыемстваў трэціх краін.
Расейцы заяўляюць, што пры гэтым фактычна не забясьпечваўся належны дзяржкантроль за сыравінай і вырабленай зь яе прадукцыяй. Акрамя таго, былі пацьверджаны факты выкарыстаньня забароненых да ўжываньня ў жывёлагадоўлі на тэрыторыі Беларусі вэтэрынарных прэпаратаў і выяўлены выпадкі падробкі вэтэрынарна-санітарных дакумэнтаў.