Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП, БНФ, БХД і «За свабоду» дэкляравалі правацэнтрысцкую кааліцыю


Падчас візыту ў Брусэль 17–19 лістапада прадстаўнікі шэрагу апазыцыйных партыяў падпісалі дэклярацыю аб стварэньні блёку да будучых выбараў.

Прадстаўнікі чатырох апазыцыйных сілаў — Аб’яднанай грамадзянскай партыі, партыі «Беларускі народны фронт», аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і руху «За свабоду» — падпісалі дэклярацыю аб стварэньні правацэнтрысцкай кааліцыі, паведамляе БелаПАН. Візыт праходзіў на запрашэньне Эўрапейскай народнай партыі, дзе АГП і БНФ маюць статус назіральнікаў.

Мяркуецца, што кааліцыя ствараецца пад удзел у парлямэнцкіх выбарах 2016 году і вылучэньне адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах-2020.

Самі патэнцыйныя сябры меркаванай кааліцыі пакуль не пацьвярджаюць факт падпісаньня дамовы, а кажуць толькі пра абмеркаваньне плянаў супольнай дзейнасьці.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Цяпер мы працуем над стварэньнем пляцоўкі для сумеснай дзейнасьці. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца, — распавёў БелаПАН старшыня АГП Анатоль Лябедзька. — Сёньня нікога ня зьдзівіш стварэньнем нейкай кааліцыі. Нам хацелася б па-добраму зьдзіўляць цалкам канкрэтнымі дзеяньнямі».

На думку Лябедзькі, яшчэ рана казаць пра канкрэтныя супольныя крокі, але адным з найважнейшых прыярытэтаў для правацэнтрысцкіх партыяў будзе «зрабіць так, каб у краіне было нешта падобнае на выбары».

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавёў, што БНФ на сустрэчы прадстаўляў адзін зь ягоных намесьнікаў Рыгор Кастусёў. Янукевіч дадаў, што ёсьць дамоўленасьць не камэнтаваць перамовы да іх завяршэньня ў поўным фармаце.

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

«Прынцыповым для нас было тое, што падтрымка супрацоўніцтва ЭЗ — Беларусь ня мае на ўвазе толькі падтрымку дзейнай улады. Супрацоўніцтва можа быць накіраванае на падтрымку беларускага грамадзтва і дэмакратызацыі, — дадаў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі. — Ніколі яшчэ правацэнтрысцкія сілы не супрацоўнічалі ўсе разам. Сёньня, па сутнасьці, размова ідзе пра сумеснае стратэгічнае супрацоўніцтва. Што да заяў пра іхнія агульныя кампаніі, у тым ліку выбарчыя, то пра гэта мы будзем думаць і гаварыць, але гэта тэма будучыні, а ня сёньняшняга часу».

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікалай Статкевіч пазытыўна ацаніў стварэньне кааліцыі: маўляў, «любая кансалідацыя неабходная». Наступным крокам, лічыць ён, мае стаць аб’яднаньне прыхільнікаў эўрапейскага выбару Беларусі.

Кандыдат у прэзыдэнты ад кампаніі «Гавары праўду» на выбарах-2015 Тацяна Караткевіч кажа, што апазыцыя зможа аб’яднацца, калі за кожным палітычным суб’ектам будзе рэальная падтрымка грамадзтва, калі групоўкі будуць аб’ядноўвацца «не ў абстрактных кааліцыях, а ў рэальнай дзейнасьці, як гэта адбываецца пры зборы подпісаў, правядзеньні супольных пікетаў». Яна лічыць, што ГП «зможа ўзаемадзейнічаць з арганізацыямі, што ствараюць правацэнтрыскую кааліцыю».

Раней, 16 лістапада, Тацяна Караткевіч прадставіла парлямэнцкі сьпіс «ТаК! За мірныя перамены» для ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах-2016.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG