Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Васьковіч: Я пяць разоў нарадзіўся за кратамі


Яўген Васьковіч, 2010
Яўген Васьковіч, 2010

Кожны мой Дзень народзінаў у «сыстэме» — гэта пройдзены пэрыяд жыцьця, так бы мовіць, падсумаваньне пражытых дзён. Але сьвет не сышоўся на тым, што адбывалася ў гэты час са мной. Таму, прагледзеўшы сеціва, я параўнаў і прыраўняў да таго, што адбывалася са мной тады, з тым, што было па-за кратамі. І вось што атрымалася.

26 лютага, 2011 год.

Знаходжуся ў камэры нумар 29 бабруйскага СІЗА. На вуліцы пахмурнае надвор’е, на тварах у сукамэрнікаў таксама няма радасьці. Днём раней мы адзначалі дзень народзінаў аднаго з асуджаных, які быў зьмешчаны ў сьледчы ізалятар за тое, што зьбіў чалавека на аўтамабілі. Яму бацькі прынесьлі перадачу, прапусьцілі нават торт. Але я яшчэ не атрымліваў перадачаў. Было сумна, бо ніхто, нават тыя, хто ведаў, што ў мяне дзень народзінаў, не павіншавалі мяне. Аднак Арцём (менавіта так звалі ўчорашняга імяніньніка), знарок пакінуў мне кавалачак смачнага ласунку. Ён быў адзіным, хто павіншаваў мяне ў той дзень.

А ў сьвеце ўвага была прыкаваная да некаторых арабскіх краін і ў прыватнасьці — да Лібіі. Напрыклад, «сын кіраўніка Лібіі Сайф-аль-Іслам Кадафі заявіў спэцыяльна запрошаным заходнім журналістам, што перамога ўладаў відавочная і паўстаньне будзе канчаткова здушанае сёньня». (Усе цытаты даюцца паводле навінаў радыё «Свабода».) Цікава чытаць гэта цяпер, калі ведаеш, чым скончылася гэтае «здушэньне». Напэўна, і кадэбісты давалі свае справаздачы наверх, што, маўляў, вось-вось і мы прыдушым Васьковіча, ён сам не захоча такога змаганьня.

Канешне, было цяжка. Асабліва, калі думаў, што навокал няма ніводнага чалавека, які б дапамог, падтрымаў. Можа таму мяне праз два дні пасьля майго Дня народзінаў перавялі ў іншую камэру. Там не было такога халоднага стаўленьня, была нават атмасфэра таварыскасьці. Але тое быў толькі пачатак маіх выпрабаваньняў.

Другая навіна таго дня, якая падалася мне цікаваю, распавядала аб тым, што ў Дамініканскай Рэспубліцы арыштавалі гандляроў людзьмі, якія прымушалі гаіцянаў жабраваць на вуліцы. А я ў гэты дзень думаў, калі ж Лукашэнку, Пуціна, Назарбаева і астатніх дыктатараў прымусяць несьці адказнасьць за гвалт над сваімі народамі. І цяпер у мяне зьявіўся вобраз — нашыя ўлады ўсё адно што рабаўласьнікі: яны даюць свабоду толькі абіраць сабе гаспадара (і тое — пад іхным поўным кантролем).

26 лютага, 2012 год.

Гэты Дзень народзінаў я сустрэў ужо ў іншай установе. Гэта быў чацьверты месяц майго знаходжаньня ў «крытай» (турэмны рэжым). Камэра на трох чалавек. Аднаму з хлопцаў зайшла пасылка ў якой былі інгрэдыенты для торту і салодкае. «Крытая» адрозьніваецца ад СІЗА перш за ўсё тым, што на турэмным рэжыме ўсе жывуць выключна «агульным» і «агульна». Таму мае імяніны адзначалі ўсёй камэрай. Пілі «чыфір», елі прысмакі (занадта звычайныя для «вольных»), размаўлялі аб жыцьці і яго тленнасьці.

Пакуль мы адзначалі мае народзіны, у Туве адбываўся амаль што канец сьвету: «землятрус магнітудай 6,8... рака Мерген выйшла зь берагоў... выяўляюцца расколіны ў будынках...». Атрымаўся такі «Апакаліпсыс ўэлкам»: прырода карае расейскі ўрад, улады Беларусі абураныя новымі «чорнымі сьпісамі» Эўразьвязу, сырыйскія ўлады праводзяць рэфэрэндум ва ўмовах наступу сіл бясьпекі на ачагі супраціву апазыцыі, а мы сядзім у сваім ціхім, стабільна благім закуточку і сьвяткуем момант псэўдарадасьці.

Сумнага, напэўна, больш.

26 лютага, 2013 год.

У гэты дзень адзначае свой выхад у сьвет газэта ЛіМ. Роўна 81 год, як першы нумар выданьня адкрыў дарогу беларускай інтэлігенцыі выказваць свае, часам, лісьлівыя думкі. А я, ужо каторы дзень, сяджу ў штрафным ізалятары і назіраю за павукамі, якіх пазбавіў іхнага павуціньння. Цікава назіраць за іхнай мітусьнёй, калі кладзеш павукоў на падлогу і не даеш схавацца. Проста як беларусы, якіх даўно ўжо пазбавілі волі, голасу і думак. Таксама ня ведаюць, што зрабіць, каб захаваць сябе ў бясьпецы.

Але і ўлады ў гэты дзень мітусіліся. Урад адбірае акцыянэрныя прадпрыемствы ў асабістую ўласнасьць, Лукашэнка забараняе бізнэсоўцам фінансаваць апазыцыю, судзяць кіраўніка Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня сп. Юрыя Дорна — карацей, беларуская «эліта», як тыя павукі, шалее ад сваёй мітусьні.

26 лютага, 2014 год.

Тады была небясьпека, што мяне закрыюць у ШІЗА за два дні да Дня народзінаў. Але начальнік турмы абмежаваўся толькі вымоваю, бо на той момант у прэсу патрапіла інфармацыя аб тым, колькі дзён я правёў у штрафным ізалятары. Гэты раз я сьвяткаваў (на колькі тое было магчымым ва ўмовах турмы) сваё нараджэньне ў камэры на дзесяць чалавек. Мы загадзя падрыхтаваліся да гэтага: пакінулі рэштку перадач, якія атрымлівалі хлопцы. Усё, здаецца, было добра, толькі дзень быў такі самы — кіслы, як і кожны з астатніх. Таксама, менавіта у лютым 2014-га адміністрацыя пачала паступовы ціск на мяне праз некаторых асуджаных.

У той самы дзень мае паплечнікі па хрысьціянскай дэмакратыі адзначылі ў Менску мой дзень народзінаў па-свойму: «прадстаўнікі „Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў“ сфатаграфаваліся... насупраць будынку КДБ». Прыемна цяпер бачыць гэта. Тым больш, што акцыя праходзіла ва ўмовах узмоцненай увагі да Ўкраінскіх падзеяў. Яшчэ цікава параўнаць, як будзе сядзець сп. Януковіч, якога абвясьцілі ў міжнародны вышук, калі яго зловяць. Напэўна ж, абвесьціць галадоўку падчас якой будзе ўжываць толькі садавіну і паштэт. «А вось пасадзіць бы яго ва ўмовы, у якіх Лукашэнка, ягоны сябар, трымае нас...» — думаў тады я.

І да таго плюс, Палата прадстаўнікоў Беларусі «згадала папраўкі ў закон „Пра ваеннае становішча“». А тое значыць, што заявы ўладаў, што «Майдану» ў Беларусі ня будзе, — словы пярэпалаху ў структурах бясьпекі.

26 лютага, 2015 год.

Гэты дзень прайшоў для мяне сумна, бо нават з суседзяў ніхто і словам не прыгадаў пра мяне. У той дзень амбасадар Польшчы сп. Лешак Шарэпка сказаў у сваім інтэрвію: «Для дыплямата самая складаная краіна — суседняя». Вось і для мяне самымі складанымі зносінамі сталі зносіны з тымі, хто жыў побач. Здаецца, мы гуртаваліся, дапамагалі адзін аднаму, але насамрэч, на больш высокім узроўні, глядзелі адзін на аднаго ваўкамі. «Ня вер, ня бойся, не прасі» — як кажуць у «зоне».

Таксама ўбачыў навіну, якая ў той дзень была, бадай, найбольш актуальнаю для арыштантаў — пра наркотыкі. Але гаворка ідзе не пра Беларусь. Тэма вось якая: «У Вашынгтоне легалізавалі марыхуану». А ў тыя зімовыя месяцы ўсе ў «зоне» абмяркоўвалі, што будзе з тымі, хто сядзіць за наркотыкі. Даходзіла нават да чутак, што, маўляў, «наркаманаў» пасадзяць у цалкам закрытыя лягеры, амаль усё ім забароняць і нават выдадуць спэцыяльную робу памаранчовага колеру, будуць іх зьбіваць і выпраўляць горш як у «дысбаце». Карацей, «зэкі» зьдзекаваліся, як кажуць, дашчэнту. А «наркаманы» ня ведалі, чаму і верыць, бо дакладнасьцяў не было ніякіх.

Цяпер я спадзяюся, што мне больш не давядзецца сьвяткаваць Дзень народзінаў за кратамі. Там, канешне, цікава і ёсьць чаму навучыцца... Але я пабачыў усё, што было неабходна. Лічу, што цяпер трэба набываць зусім іншы досьвед.

Яўген Васьковіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG