Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даніэль Альбрыхскі просіць Мікіту Міхалкова дапамагчы Алегу Сянцову


Даніэль Альбрыхскі
Даніэль Альбрыхскі

Знакаміты польскі актор Даніэль Альбрыхскі просіць Мікіту Міхалкова дапамагчы ўкраінскаму рэжысэру Алегу Сянцову, асуджанаму ў Расеі на 20 гадоў пазбаўленьня волі.

Польскае Радыё цытуе адкрыты ліст Альбрыхскага да Міхалкова, у якім, у прыватнасьці, гаворыцца:

«Наша амаль пяцідзесяцігадовая братэрскае сяброўства дае мне такое права. Ты ня толькі адзін з найвялікшых рэжысэраў сучаснага кіно. Для мяне ты заўсёды быў выдатным, глыбокім і мудрым чалавекам. Маім расейскім братам.

Я ня веру, што ты можаш думаць і адчуваць інакш, чым усе тыя выдатныя рэжысэры з розных краін сьвету, якія падпісалі лісты прэзыдэнту Пуціну ў абарону нашага ўкраінскага калегі. Жорсткасьць суду першай інстанцыі нагадвае самыя змрочныя прысуды нашай агульнай цывілізацыі і культуры. Я заклікаю і малю цябе як твой польскі брат зрабіць нешта. З усіх нас ты бліжэй за ўсё і да твайго прэзыдэнта, і да гэтай справы».

Раней у абарону Сянцова выступілі рэжысэры з розных краін сьвету. Зварот расейскіх рэжысэраў падпісалі Аляксандр Сакураў, Уладзімір Кот, Уладзімір Мірзоеў, Аляксей Герман-малодшы, Павел Бардзін і іншыя. Мікіта Міхалкоў, паводле яго слоў, таксама заклікаў вызваліць Сянцова. Пры гэтым, аднак, Міхалкоў сьцьвярджаў, што «нельга скокнуць вышэй за галаву»: «Ты кажаш: „адпусьціце яго, ён добры мастак“, а табе кажуць: „ён тэрарыст“ і прыводзяць табе факты», — цытуе яго словы РИА «Новости». Пра рэакцыю Міхалкова на ліст Альбрыхскага пакуль не вядома.

Алег Сянцоў — крымскі актывіст, які выступаў супраць анэксіі Крыму Расеяй — быў арыштаваны ў траўні 2014 году. У жніўні 2015-га ён быў асуджаны на 20 гадоў пазбаўленьня волі — у прыватнасьці, паводле абвінавачаньня ў тэрарызме. На наступным тыдні ў Вярхоўным судзе Расеі мае прайсьці слуханьне апэляцыі па ягонай справе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG