20 лістапада завяршыла працу ў Беларусі місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) пад кіраўніцтвам Пітэра Долмана.
Група экспэртаў знаходзілася ў Менску з 9 лістапада. Мэтай візыту была ацэнка зьменаў у нацыянальнай эканоміцы, якія назіраліся ў апошні час, а таксама абмеркаваньне новай эканамічнай праграмы, якая магла б быць падтрымана фінансавымі рэсурсамі МВФ.
Па завяршэньні візыту кіраўнік місіі Пітэр Долман зрабіў наступную заяву:
«Пэрсанал МВФ і афіцыйныя органы Рэспублікі Беларусь дасягнулі істотнага прагрэсу ў абмеркаваньні шэрагу захадаў эканамічнай палітыкі, якія маглі б быць падтрыманыя дамоўленасьцю аб трохгадовай праграме ў рамках Мэханізму пашыранага фінансаваньня».
Пітэр Долман дадаў, што для абмеркаваньня некаторых пытаньняў патрабуецца больш часу, таму ў наступныя некалькі тыдняў мяркуецца працягнуць перамовы дыстанцыйна.