Кіраўнік МЗС Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер абмяркуе 18 лістапада ў Бэрліне з беларускім калегам Уладзімерам Макеем супрацоўніцтва Менску з Эўразьвязам і сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны.
Пра гэта заявіў напярэдадні афіцыйны прадстаўнік нямецкага зьнешнепалітычнага ведамства, паведамляе агенцтва «РИА Новости».
«У цэнтры перамоў — нямецка-беларускія адносіны, а таксама супрацоўніцтва Беларусі з ЭЗ і канфлікт на ўсходзе Ўкраіны», — заявілі ў МЗС ФРГ.
У канцы кастрычніка ЭЗ прыпыніў на чатыры месяцы санкцыі ў дачыненьні да беларускіх дзяржаўных службоўцаў, бізнэсоўцаў і кампаніяў. Санкцыі прыпыненыя ў дачыненьні да 171 з 175 чалавек і да ўсіх 14 кампаній з гэтак званага «чорнага сьпісу» Эўразьвязу. Рашэньне аб прыпыненьні санкцыяў стала адказам Эўразьвязу на вызваленьне ў Беларусі палітвязьняў.