МЗС Польшчы скараціла набор на праграму Кастуся Каліноўскага да 25 чалавек. Дырэктар праграмы, кіраўнік Інстытуту Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту Ян Маліцкі патлумачыў такі захад «памяншэньнем рэпрэсій у Беларусі». Паводле яго словаў, частка месцаў з праграмы Каліноўскага перададзена ў іншыя праграмы, у тым ліку ў праграму імя Банаха, а частка навучэнцаў Коласаўскага ліцэя, якія звычайна ішлі на праграму Каліноўскага, у гэтым годзе атрымалі стыпендыі там.
Старшыня Камітэту дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасьць» Іна Кулей паведаміла Радыё Свабода, што сёлета 25 асобаў атрымалі пацьверджаньне Праваабарончай Рады, якая рэкамэндуе кандыдатаў, а на праграму Каліноўскага патрапіла ўсяго 6 чалавек:
«А хто такія гэтыя 19, невядома, таму што Амбасада Польшчы і кансуляты адмовілі Радзе ў знаёмстве з дакумэнтамі. Дакумэнты ад дырэктара праграмы спадара Маліцкага прыйшлі, а амбасада маўчыць. Пані Эльжбета Шчэпаньска-Дамброўска, якая ў амбасадзе Польшчы ў Менску адказвае за навуку і культуру, сказала, што там ўсяго пару дакумэнтаў, і няварта зь імі знаёміцца. Праваабарончая Рада сабралася (а туды ўваходзяць Алесь Бяляцкі, Раіса Міхайлоўскаяч, Алег Гулак, Людміла Гразнова, Алег Волчак, Андрэй Бастунец ды іншыя), і мы напісалі лісты на імя міністра замежных спраў і міністра адукацыі Польшчы, якія па даручэньні Рады 7 верасьня мной асабіста былі перададзеныя ў міністэрствы.
У лістах (дарэчы, зь вялікай падзякай польскаму ўраду за шматгадовую падтрымку) мы прасілі патлумачыць, чаму праграма скарочаная да 25 чалавек, і чаму з тых 25, зацьверджаных Радай, толькі 6 патрапілі на праграму, і хто такія астатнія 19 чалавек. Больш за 2 месяцы адказу на гэтыя лісты няма.
Мы ўвесь час у шчыльным кантакце з дырэктарам праграмы Янам Маліцкім, зь якім ніколі не было ніякіх непаразуменьняў, ён заўсёды паведамляе, хто ня здаў іспыты, у каго праблемы, хто выключаны... Сёлета мы таксама ў яго запыталіся, што адбываецца. Ён адказаў, што яго выклікалі ў Міністэрства адукацыі і паставілі перад фактам. Мы прасілі прыняць гэтых дзяцей хаця б на так званую „зэрувку“ — падрыхтоўчы курс, напісалі ліст, але адказу таксама дагэтуль няма.
Галоўнае пытаньне — што нам рабіць зь дзецьмі, бо балы ў іх вельмі высокія, 9, 10, адзін нават з залатым мэдалём скончыў школу, што ім тлумачыць?
Па рашэньні праваабаронцаў мы вырашылі, што гэты факт трэба зрабіць публічным. Пасьля выбараў мы перадалі свой зварот у парнэрскую арганізацыю „Вольнасьць і дэмакратыя“, якая магла б перадаць нашу інфармацыю далей.
Мы адчуваем, што гэта непавага да нас, як партнэраў — бо няма ніякіх тлумачэньняў. Але самае галоўнае — нам няма што сказаць ні дзецям, ні іх бацькам».
Праграма Кастуся Каліноўскага была адкрыта ў 2006 годзе. Яна дапамагала атрымаць вышэйшую адукацыю беларусам, якія па палітычных прычынах ня могуць вучыцца на Радзіме. У розныя гады на праграму Каліноўскага прымалі ад 60 да 100 навучэнцаў зь Беларусі.