Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цана бутэлькі. Рэабілітацыя Васьковіча


Былы палітвязень Яўген Васьковіч у Празе
Былы палітвязень Яўген Васьковіч у Празе

Бабруйская акцыя мела працяг на Лубянцы. З Прагі пра тое, ці варта адна запальная бутэлька доўгіх гадоў турмы. Як былы палітвязень Яўген Васьковіч ацэньвае пэрфоманс расейскага мастака Пятра Паўленскага, сваё мінулае і глядзіць у будучае.

Яўген Васьковіч, адзін з апошніх беларускіх палітвязьняў, напоўніцу ўжывае свабоду. Цяпер ён мае месяц рэабілітацыйнага адпачынку ў Чэхіі. Ад прапановы чэскай праваабарончай арганізацыі «Чалавек у нядолі» паехаць у санаторый, ён, праўда, адмовіўся. Кажа, што і так «адпачыў» за чатыры з паловай гады. Выбраў Прагу, экскурсіі і сустрэчы.

Расейскі мастак Пётр Паўленскі, які ў мастацкай форме фактычна паўтарыў у Маскве акцыю Васьковіча і яго паплечнікаў, цяпер арыштаваны. Калі беларусы кінулі бутэльку з кактэйлем Молатава ў дзьверы бабруйскага КДБ, Паўленскі абліў бэнзінам і падпаліў дзьверы маскоўскай Лубянкі. Ён кажа, што яго пэрфоманс быў «пальчаткай у твар тэрарыстычнай пагрозе, якую нясе ФСБ». З гэтых паралеляў мы пачалі размову зь Яўгенам Васьковічам.

— Мы ня ведаем, як ацэніць расейскі суд акцыю Паўленскага, бо няясна, па якім артыкуле яго будуць судзіць — хуліганства, вандалізм, пагроза жыцьцю супрацоўніка міліцыі або нешта іншае. Расейскія мэдыі пішуць, што яму можа пагражаць прынамсі да трох гадоў. Вам далі сем. Ці азначае гэта, што беларуская судовая сыстэма самая суровая?

Яўген Васьковіч
Яўген Васьковіч

— На маю думку, беларуская судовая сыстэма і ўвогуле сыстэма Лукашэнкі будуецца на тым, што наша дзяржава не такая вялікая як Расея і па колькасьці жыхароў і тэрыторыі, і не такая моцная. Расейцы могуць сабе дазволіць нават не караць таго ж Паўленскага, калі на тое будуць прычыны. Расейскія ўлады будуць арыентавацца на думку насельніцтва наконт гэтай акцыі. Калі насельніцтва будзе падтрымліваць улады, то яму дадуць можа і больш за тры гады. Я чытаў камэнтары на розных рэсурсах, большасьць людзей незадаволеныя тым, што ён зрабіў.

— Як вы думаеце, чаму расейскія грамадзяне больш схільныя да пазыцыі. з ФСБ не жартуюць?

— Калі структура належыць да спэцслужбаў, зь ёй баяцца жартаваць, бо вакол кожнай такой структуры ёсьць таямніца. Людзі проста ня ведаюць, што ад іх чакаць.

— А чым вам, тады дваццацігадовым, так насаліла КДБ? Чаму Вы вырашылі зь ім змагацца?

— Беларускае КДБ гэта тая структура і тыя людзі, якія праводзяць рэпрэсіі ў краіне. Менавіта празь іх улада ўзьдзейнічае на народ, запужвае. Гэта таксама тая структура, у якой вельмі шмат людзей, якія, на маю думку, у рознай ступені супрацоўнічаюць з ФСБ. Гэта вялікая небясьпека для беларускай дзяржаўнасьці.

— Як ацаніла беларуская турма тое, што вы туды прыйшлі як такі рэвалюцыянэр, юны змагар з органамі?

— Калі браць агулам, то асуджаныя даволі прыемна рэагавалі, але некаторыя не адкрыта гэта рабілі.

— Ваш тэрмін, можа быць, цягнуўся яшчэ б і дагэтуль. На шчасьце здарыліся ў Беларусі чарговыя выбары, калі палітвязьні сталі недарэчы. Вас памілавалі. Грамадзтва ацаніла прынцыповасьць Міколы Статкевіча, які быў палітычным супернікам Лукашэнкі і не папрасіў яго пра памілаваньне. Але вы ж выступалі ня супраць прэзыдэнта, што тады вам замінала падпісаць просьбу аб памілаваньні?

Я не хацеў прасіць кагосьці аб чымсьці, бо гэта абавязвае да ляяльнасьці ўладзе.

— Рэч у тым, што прэзыдэнту ў нашай краіне падпарадкоўваецца гэты рэпрэсіўны апарат. І калі чалавек просіць яго памілаваць, то ён тым самым кажа: я быў дурнем, прабачце, выпусьціце мяне, дурня. Я не хацеў прасіць кагосьці аб чымсьці, бо гэта абавязвае да ляяльнасьці ўладзе.

— Ці можна ў турме выжыць, напрыклад, дзякуючы працы? Вось вы прызнавалі, што прайшлі такую эвалюцыю — ад нежаданьня працаваць аж да авалоданьня новай спэцыяльнасьцю — у слоўніку яна нават ня мае мужчынскага роду «швач» — гэта швачка. Што вы шылі?

— Я шыў вопратку. Для мяне гэта была такога роду выратаваньне ад маладых супрацоўнікаў, якія не былі афіцэрамі і яшчэ не вельмі разумелі, як сябе паводзіць з асуджанымі. Калі я прыходзіў у цэх, да мяне было меней увагі, мяне бачылі толькі майстар і пару міліцыянтаў. Па-другое, гэта была магчымасьць там зарабляць. Гэта быў такі левы даход.

— Што можна было пашыць, каб прадаць некаму і за колькі?

Зарплата там адзіная — цыгарэты.

— Штаны, кліфт [куртка з бавоўны], спартовы касьцюм, што дазваляецца ў лягеры. Шмат у каго і рвецца, трэба было падшыць. Ну а зарплата там адзіная — цыгарэты.

— А ў рублях афіцыйна вам нешта налічвалася? Норма, зарплата былі?

— Нормы як такой у нас не было. Я рабіў столькі, колькі пасьпяваў. Самае большае, што мне налічылі за месяц, гэта 32 тысячы.

— У якім годзе?

— У 2014-м. А ў 2015-м выходзіла, што і даляр у пераліку за месяц, і тры тысячы нашых рублёў.

— Калі-небудзь, азіраючыся назад, ці задаяце вы сабе пытаньне, ці варты быў той «кактэйль» столькіх гадоў турмы?

Я ўжо не азіраюся назад, бо насамрэч, тое, што я зрабіў, трэба было зрабіць, каб я неяк спазнаў жыцьцё.

— Я ўжо не азіраюся назад, бо насамрэч, тое, што я зрабіў, трэба было зрабіць, каб я неяк спазнаў жыцьцё. Але мінулае для мяне засталося ў мінулым. Я гляджу на тое, што ёсьць цяпер. Гэтым момантам трэба жыць.

— А калі гаварыць пра тое, чаму навучыла турма...

— Турма навучыла дзейнічаць больш асьцярожна. Навучыла разважлівасьці. Цаніць ня толькі свае, але чужыя каштоўнасьці. Тады можна ўзаемаіснаваць, пазьбягаючы канфліктаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG