Праца над крыжам у памяць Вацлава Ластоўскага падыходзіць да завяршэньня. Праект стварыў мастак Алесь Цыркуноў, а сам крыж робіць разьбяр Юрась Камандзірчык. Крыж будзе дубовы, з разьблёнымі выявамі Вацлава Ластоўскага, Пагоні, Хрыста ды іншымі.
Старшыня камітэту па стварэньні грамадзкай арганізацыі «Таварыства аматараў гісторыі імя Вацлава Ластоўскага» Віктар Яўмененка распавёў Свабодзе, што ідэя паставіць крыж ужо даўняя:
«Такая думка была ўжо даўно, і вось Алесь Цыркуноў распрацаваў праект і прапанаваў яго. Мы зь сябрамі нашага таварыства гэта падтрымалі, сабралі грошы, каб набыць усе матэрыялы, каб заплаціць майстру».
Сродкі на крыж у асноўным ахвяравалі сябры таварыства. Толькі некалькі дзён таму Яўмененка выступіў з заклікам да ўсіх неабыякавых грамадзян прычыніцца грашыма да вырабу крыжа. Прозьвішчы тых, хто ўнясе значныя ахвяраваньні, напішуць на адмысловай шыльдзе на аснове крыжа.
Крыж паставяць пад Менскам, але сябры таварыства пакуль ня кажуць, дзе дакладна, каб ім не перашкодзілі.
Яўмененка лічыць Вацлава Ластоўскага адным з айцоў-заснавальнікаў беларускай нацыі:
«Гэта чалавек, які ня толькі стаіць каля вытокаў нашай дзяржаўнасьці (а я лічу, што беларуская дзяржаўнасьць адлічваецца ад БНР), але чалавек, які шмат зрабіў для беларускай культуры і ў першую чаргу для беларускай гісторыі. Ён варты таго, каб яго прапагандавалі, каб яго шырока ведалі і шанавалі», — упэўнены ён.