Агенцтва Reuters днямі апублікавала расьсьледаваньне пра дачок прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, найперш, пра малодшую Кацярыну, якой цяпер 29 гадоў. Супрацоўнікі агенцтва са спасылкай на зьвесткі аднаго з кіраўнікоў "Газпрамбанку" пішуць, што Кацярына жыве пад прозьвішчам Ціханава, што гэта тая самая Кацярына Ціханава, якая працуе ў МДУ і захапляецца акрабатычным рок-н-ролам, пра што раней паведамляў журналіст Алег Кашын. Агенцтва Reuters з дапамогай фінансавых экспэртаў высьветліла, што малодшая дачка Пуціна і яе муж валодаюць буйнымі актывамі, што большая частка актываў зьвязаная з людзьмі з бліжэйшага атачэньня прэзыдэнта. У Крамлі і "Газпрамбанку" зьвесткі пазьней абверглі. Інфармацыя пра дачок Уладзіміра Пуціна, як і пра яго былую жонку Людмілу, па-ранейшаму застаецца адной з самых закрытых. Грамадзкасьці прэзыдэнт паведамляе пра блізкіх зусім няшмат, хоць і гэтыя зьвесткі ставяць пад сумнеў. Як выглядаюць цяпер дочкі Пуціна, большасьці таксама дакладна невядома.