Сёньня ў Беларусі адзначаецца дзень Памінаньня продкаў — Дзьмітраўскія Дзяды. У гэты дзень многія праваслаўныя вернікі адведваюць магілы сваіх памерлых родзічаў. Карэспандэнт Свабоды пабываў у Магілёве на некалькіх старых мясцовых могілках, дзе спачываюць славутыя і мала каму вядомыя магілёўцы.
Адны з найстарэйшых гарадзкіх кладоў — Усьпенскія. Некалі на іх хавалі заможных праваслаўных гараджан. Дагэтуль засталіся багатыя нагроб’і і родавыя скляпеньні. Нямала зь іх пашкоджаных. На тутэйшых могілках знайшлі вечны спачын прадстаўнікі ўплывовага ў горадзе роду — Гартынскіх. Сярод іх былі навукоўцы, бізнэсоўцы, мэцэнаты, чыноўнікі.
У гэтую пару могілкі ў апалай лістоце. Пасярэдзіне з вытаптанай шырокай сьцяжыны лісьце згорнутае ў груды. Багата дзе параскіданыя плястыкавыя пляшкі з-пад піва. Адзін са скляпоў — у чалавечых спаражненьнях. Агароджа паламаная. Яшчэ адзін склеп, паводле наведнікаў могілак, перарабілі ў будынак для сьмецяроў. Ці так гэта — высьветліць не ўдалося. Дзьверы ў будыніну былі замкнёныя.
«Ніхто гэтыя могілкі не прыбірае. Калі самі не прыбярэм, то нікому яны не патрэбныя, — даводзяць журналісту дзьве кабеты, якія пасьпелі прыбраць магілкі сваіх памерлых. — Во бачыце, крыху лісьце згрэблі і кінулі. Але лісьце хай сабе, а колькі тут старых ссохлых дрэваў, якія могуць заваліцца на пахаваньні і колькі шкоды прынесьці. Гэтыя могілкі дужа старыя і іх трэба было неяк прыбраць. Тут жа вядомыя людзі пахаваныя. Некаторыя мы прыбіраем з павагі, але вось дрэвы — хіба мы можам рады ім даць».
«Вось бачыце склеп. Там труны стаяць, але ўваход замуравалі, — дадае яшчэ адна наведніца могілак. — Тое, што ён гэтак непрывабна выглядае — віна людзей. Моладзь тут зьбіраецца і сваволіць. Гэтак ужо маладыя людзі выхаваныя. Нам давялося лаўкі прыбраць, бо акуркі зь пляшкамі не пасьпявалі прыбіраць. Брыдка гэта ўсё».
Наступныя могілкі — Васкрасенскія. Старая цэнтральная частка — у хмызах. З кустоўя апала лісьце і агаліла схаваныя імі пахаваньні. На іх параскіданыя, як і на Ўсьпенскіх могілках, плястыкавыя піўныя пляшкі.
«Вы ж самі бачыце, як кусты разрасьліся. Улетку, дык нібыта і прыгожа, а вось увосень прыкра на гэта ўсё глядзець, — скардзіцца журналісту васьмідзесяцігадовая кабета, прыбіраючы магілкі сваёй маці і мужа. — Там расейкі генэрал пахаваны, памёр на пачатку 20 стагодзьдзя. Пакуль не адрамантавалі яму надмагільле, дык яно было сьметніцай. Там вось мармуровыя помнікі заваленыя наагул. А вось пахаваныя, відаць, савецкія вайскоўцы. Помнік з зоркай. Адна зьбітая. Гэтыя могілкі сталі месцам для забаваў і адпачынку. Моладзь, ды выпівохі з навакольных дамоў — куды ім ісьці? На могілкі. З гітарамі прыходзяць. З сабакамі».
Нямала мармуровых надмагільляў, напраўду, завалена. Багата жалезных крыжоў — неверагодна як вывернутых. Без увагі вандалаў не засталася і магіла праваслаўнага сьвятара айца Канстанціна. Крыж на агароджы сагнуты. Сама магіла не пацярпела. Служыў айцец Канстанцін у царкве Трох Сьвяціцеляў.
На Карабанаўскіх могілках камунальнікі пачалі наводзіць парадак. Старыя дрэвы сьпілаваныя, хмызы высечаныя. Наведнікаў няшмат. Тыя, хто прыйшоў, выграбалі лісьце.
Лістоту прыбіралі і камунальныя службы. Некалькі грудоў спрабавалі спаліць. Адзін з іх палілі амаль што на магіле настаўніка. На ягоным надмагільлі надпіс на беларускай мове. Прозьвішча «Цімашэнка». Памёр у 1926 годзе. Нарадзіўся ў 1902-ім. Ня часта ў Магілёве пабачыць беларускамоўны надмагільны надпіс.
Пагаварыць з прадстаўнікамі службаў, у функцыі якіх уваходзіць дагляд могілак, не ўдалося. У перадсьвяточны дзень — у службоўцаў быў скарочаны дзень.