Прадстаўнікі партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і Аб’яднанай грамадзянскай партыі на чале з Анатолем Лябедзькам накіравалі кіраўніцтву прадпрыемства «Мінскграда» зварот з просьбай працягнуць абмеркаваньне Генэральнага пляну разьвіцьця Менску.
Пад зваротам, які таксама ўтрымлівае шэраг заўваг і прапаноў аб зьменах у Генпляне, падпісаліся каля пяцісот менчукоў. Перадусім гараджане прапаноўваюць кіраўніцтву Менску максымальна захаваць прыватную забудову, забясьпечыць мікрараёны якаснай пітной вадой, пашыраць і паляпшаць інфраструктуру ў раёнах новабудоўляў. У лісьце таксама пішуць, што грамадзкае абмеркаваньне Генэральнага пляну цягам месяца — вельмі кароткі тэрмін. І просяць яго працягнуць, а таксама адвесьці для гэтага большае памяшканьне і зручнейшы час.
Паводле актывістаў, подпісы пад зваротам былі сабраныя цягам некалькіх гадзін на вуліцах гораду. Менчукі адзначалі, што сёньня яны ня маюць магчымасьці ўплываць на рашэньні, якія прымаюцца на ўзроўні адміністрацыі гораду. І што подпіс пад зваротам — гэта адзіная магчымасьць выказаць сваё меркаваньне кіраўніцтву гораду. Пры гэтым многія менчукі, нават падтрымліваючы зварот, баяліся падпісвацца, успрымаючы ініцыятыву як палітычную акцыю.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька гэтак пракамэнтаваў ініцыятыву:
«Мы — БХД, АГП — не аддзяляем сябе ад жыхароў Менску, і гэта таксама наша грамадзянская справа. Гэта яшчэ адна тэма, якую мы ўжо закраналі разам з нашымі паплечнікамі, гэта тэма карупцыі. Гэтак, як ствараўся гэты Генэральны плян, і самае галоўнае — як ён рэалізуецца, — гэта выйсьце наўпрост на карупцыйныя схемы. Ніхто не дае адказу на тое, што будзе, калі зачысьцяць тэрыторыю ад прыватнай аднапавярховай забудовы. На яе месцы, пэўна ж, зьявяцца добрыя дамы. Хто туды прыедзе жыць і будзе жыць? Наўрад ці працаўнікі з даходам 300–500 даляраў. Найхутчэй, зьявяцца кітайскія, арабскія ці іншыя кварталы, і гэта ня будуць жыхары Менску. У выніку выходзім на тое ж галоўнае пытаньне: хто і як фармуе гарадзкую ўладу, наколькі залежны мэр Менску ад жыхароў гораду, таксама адміністрацыі раёнаў. Мы ўсё роўна сутыкаемся з палітычнымі пытаньнямі. Тое, што гэтыя пытаньні стаяць нароўні з палітычнымі, для нас відавочна і адназначна».
Паводле распарадку, прапанаванага КУП «Мінскграда», грамадзкае абмеркаваньне Генэральнага пляну Менску завяршаецца 5 лістапада.